Читать «Душою з небам гаварыць (Выбраная лірыка)» онлайн - страница 82

Ніна Мацяш

Року божага 1742, трэцяга дня месяца мая Даўгапольскі атаман Міка-лай Дзядушка пацярпеў ад Алексія апрышка, Доўбушам названага. Каторы Доўбуш спачатку яго мукамі суровымі мучыў, а потым главу яго сякераю адсек і хароміну з трупам спаліў, главу ж з сабою ўзяў і ніхто не ведае, толькі ён сам, дзе яе падзеў.

Запіс у царкоўнай кнізе сяла Даўгаполля

Як Маўка-вераснянка, у сваім Расшыта-нахарошаным убранні Пад вартаю спагаднаю хваін Каля пячоры ад самога рання Марычка Леся выглядала. Ен Сягоння мог і не прыйсці на стрэчу. Але яна чакаць гатова вечнасць. Даверліва, як шчырую далонь, Працягвала бярозка жоўты ліст. Пашорхвала чырвоная ігліца. На людзі несла восень — пахваліцца — Барвовы, з празалотаю, кілім. У пастражэлай сіняве нябёс Марудна хмаркі, белыя ягняткі, Таўклі капыцікамі час... І рос Марычкін неспакой ад кожнай згадкі Пра учарашні вечар Дзвінчукоў, Пра змову куркулёў у іхняй хаце. Хутчэй бы хоць Алекса ўжо ішоў! Цяпер яму так трэ асцерагацца... І шапкі злотых панству не шкада За Доўбуша — так даўся ён у знакі. А покі ёсць каму купляць, відаць, І тыя будуць, хто гатоў прадаць Сваё сумленне за трыццатку звякаў... Намовіліся ўчора: Мачарнак З Мікулічына, нейкі лысы Грубас, Сцяпан Дзвінчук — вясковая ўсё «знаць» — Самім расправіцца з Алексам. Рупіць Спакусны кус, бо грошы «задарма», Ды шчэ ў прыдачу абяцанка волі. А потым... Гэты ж збуйца-атаман І з імі, як з Дзядушкам з Даўгаполля, Мог паквітацца барткай і агнём — Ляжы й трасіся, што — твая чарга мо... Марычка ўскочыла; з-за камянёў Данёсся шоргат, быццам пад нагамі. Нікога... Падалося... Колькі год Яна ўжо тут сядзіць так і чакае?.. Крадком рысіным з-за пярэстых гор Падходзіла — без любага — змярканне...