Читать «Душою з небам гаварыць (Выбраная лірыка)» онлайн - страница 81

Ніна Мацяш

Калі б якая-небудзь група сялян аберагала, або якой-небудзь ядой забяспечвала, або папярэджвала пра небяспеку Доўбуша і іншых апрышкаў, такая група без усякай літасці будзе цалкам выразана.

З універсала гетмана Іосіфа Патоцкага, 1742 г.

Адкуль яно, шчымлівае, плыло? Чыёю позвай радасці і смутку? Растрэсенае ў выемцы сяло Прыціхла пад мярэжаю танюткай Няпэўнан сіні самых ранніх зор. А трэмбітанне, скарга-трэмбітанне То поўніла журбой увесь прастор, То замірала ў аблачынцы дальняй І зноў лілося з залатых вяршынь, Пранізанае дагараннем сонца... Чаму ніколі так не даражыў Алекса гэтай сцішанасцю соснаў, Кажнюткай рыскаю хрыбтоў нямых, Гаючым іх дыханнем, як сягоння? Нібыта й праўду асаблівы міг Жыцця свайго ў сваіх трымаў далонях. Залішняя раскоша, як пятля! Калі штодня між смерцю й жыццем ходзіш... Нашто трэмбіта голасам здаля Вярэдзіць тое, што забыта? Годзе!.. Наструнена стаіўся лес наўкруг, Захліпваўся струмочак за палянай... Не баранілася Марычка рук, Даўно аплаканых, заўжды жаданых. Ручною птушкай прыпадала да Каханага, хавала твар на грудзях. Не па каменні носіцца бяда, Але і радасць ходзіць жа — па людзях! Усё адкрэслена, як непатрэб: Багацце, безвыходнасць, муж настылы. Нібы зняла з душы атрутны грэх, Які, як жорны, ўсе гады насіла. Не верылася, што яе Багдан І ёсць Алекса Доўбуш, пра якога Народ спяванкі гордыя складаў, Каго бярог, як мог, ад ліха злога. Без каранёў вялікіх не бываць Вялікім дубу, хоць з пароды й гэтай! Хмялела небывала галава Ад паху зелля, смол, за дзень нагрэтых, І калацілі сэрцы, як званы... Шапталі ўсё, шапталі вусны нешта, І ўсё лаўчыўся месяц-перасмешнік Заглянуць у пячору з вышыні...

На сёмуху прыйшоў да мяне ў Расток Алекса Доўбуш і пачаў мяне пытацца; «Што ты тут робіш, ці маеш жонку?» Я адказаў, што не маю, служу ў атамана на млыне. Пытаў мяне: »Адкуль ты сюды зайшоў?» Я адказаў, што з Шашораў, Каламыйскага павета. Потым стаў намаўляць: “Хадзем са мной, нікога ў цябе тут няма: ні братоў, ні жонкі...” і я згадзіўся.

3 паказанняў на судзе злоўленага апрышка Васіля Мельніка

То помніце, без знаку не страляць! Яшчэ раз папярэдзіў Доўбуш хлопцаў. Салдат Пшэлуськага відно здаля: Пабліскваюць іх ружжы, збруя ў сонцы. На нейкі момант вершнікаў прыкрыў Гарысты выступ... Але вось нарэшце — На камяністай, небяспечнай сцежцы — Налева скалы, справа ўніз абрыў — З'явіўся першы карнік, ведучы З апаскаю гнядога за сабою... Другі... чацвёрты... Атаман маўчыць — Зарана падаваць сігнал да бою. Дваццаты... соты... Вось і ўвесь атрад У вернай, у пагібельнай лавушцы! Пара... Якога д'ябла там, пара! Але паўзуць, паўзуць хвіліны... З вусця ж Цясніны дзікаіі на шырокі плай Ужо ідуць, выслізгваюць смалякі[]! — Што сталася? — Чаму ты не страляў? — Навошта выпусцілі сучых ляхаў?! У позірках і недаўменне й злосць. А Доўбуш, непадкупны, смутны Доўбуш З разморанай, балючаю якойсь Усмешкаю стаіць перад натоўпам Абураных апрышкаў, саматой, і: — То, браткі, не ляхі — нашы людзі... Я блізка быў і чуў, як між сабой Гутарылі яны... Па жонцы нудзіць Адзін ды па пакінутых малых... А дрўгі — прокляць, кажа, служба наша. Як ні прасіўся, дзе там, не ўмаліў, Сілком аддаў у рэкруты пан, кажа. Каб свая волейка, у гэты ж міг Усё кінуў-рынуў бы, дахаты дунуў... І сціснуў сэрца жаль: паб'ём іх мы — А хто ж тады іх дзетак прагадуе?.. — А нас яны памілавалі б, га?! — Гнеў у вачах апрышкаў, асуджэнне. «Чужыя ўсе, чужыя...» і туга, Празрыстая да галавакружэння, Туга і стома нейкая усёй Істотай Доўбуша запанавала. Знянацку, як далёкі сон праз сон, Спяванка да свядомасці дапала: Візьми, мамо, піску в жменю, Посій його на каменю... Калі ён чуў яе і ад каго? Схавацца, паляжаць бы ціха-ціха... А спеў, нібы раствораны смугой Жаўронак, ціха памяць пакалыхваў: Як той, мати, пісок зійде, Тоді твій син з війни прийде...