Читать «Душою з небам гаварыць (Выбраная лірыка)» онлайн - страница 66

Ніна Мацяш

* * * Ловяць далягляд гады імклівыя, — Таямнічы, непазбежны дар... Чалавек адно датуль шчаслівы, Покуль сам умее шчасце даць. І адвеку будні нашы ўпарта Цвердзяць, новы беручы рубеж: Дай нам, лёс, таго, чаго мы вартыя, Каб не здрадзіць нам самім сабе. 1977 ПРЫЦЯЖЭННЕ ЧАСУ Жыццё з маленькага вучыла: Як ні мудруй тут, ні пручайся, А немагчыма, немагчыма Адолець прыцяжэнне часу. Агорне веснавосць павеву — І квеценню зазорыць мусіш, Як абрыкосавае дрэва, Прыручанае Беларуссю. Скапычаныя смуткам гоні — І неспазнанага прасторы... Ты стаў дасведчанней сягоння, А шчаслівейшы быў учора... У ледзь ацямлівым галопе — То па пустыні, то па жыце. І стукае у грудзі попел Усіх згарэлых побач жыццяў... 1983 * * * Калі б на свеце меўся бог, Услед за мудрацамі Усходу я Такой малітваю яго маліла б: — О, божа, дай мне сілы не змяняць Таго, чаго змяніць не ў сіле я; — І дай мне мужнасці зрабіць усё, Што я ў жыцці маім зрабіць павінна; — І дай мне мудрасці, каб разлічыць, Што — не пад сілу мне, а што — мой абавязак... * * * Дэкаратыўная свяча На століку; а на марозе — Напята-белая бяроза... Адкрэсліць! Занава пачаць! Што адцвіло — таму сатлець, І ўжо няма другога выйсця, Як толькі — пераможна смець Шукаць лістотай новай высяў. І не баяцца перамен У лёсе, гэтак, бы ў прыродзе! Як выдых: Хай былое — тлен, І як удых: Няхай зародзіць! 1977 * * * ...А ноччу глуха лес шумеў. А ёй прымроілася мора... I расступаўся смольны морак, I хваля падала да ног. I да яе, знікуль і знекуль, Плыў той, каго так доўга прагла, З чыёй рукі ўсе беды — прахам, Хто ісціну адкрыць ёй мог... Чаму ж разумнасць — рэдкі дар? Чаму, як не змаўчыш на пошласць, Не абмінеш чужую подласць, Набудзеш ворага павек? ...I нахіляліся яліны Ў адказе жорсткім і адзіным Да абяссоненых павек. 1969