Читать «Фантамас» онлайн - страница 9

Марсель Ален

— А вось і вашыя рабочыя. Прыйшлі за багажом? — спытала кансьержка.

Незнаёмы хацеў нешта сказаць, але адзін з грузчыкаў, не звяртаючы на яго ўвагі, назваўся:

— Мы абодва з «Паўднёвага параходнага агенцтва», прыйшлі забраць рэчы пана Гурна. Два вялізныя чамаданы і пакункі.

— Як? — здзівілася пані Дуланк.— Вы не разам?

— Не, гэтага пана мы не ведаем. Давай бяры,— звярнуўся адзін грузчык да другога.

— Не,— сказаў незнаёмы,— вы нічога тут не возьмеце.

— Вось заказ, усё дакладна...

Грузчыкі падышлі да рэчаў.

— Бяром!

Пані Дуланк расхвалявалася і хацела выбегчы. Незнаёмы ў капелюшы рашуча ўзяў яе пад руку.

— Прашу не крычаць,— ціха сказаў ён.

Грузчыкі не вытрымалі:

— Якога д’ябла! Мы што, рабаўнікі? Трэба паклікаць паліцыю,— грузчык павярнуўся да свайго таварыша і сказаў: — Збегай за рог дома, прывядзі сюды паліцыянта. Няхай гэты пан спрачаецца пры ім...

...На сходах пачуліся цяжкія крокі. Наверх узняліся грузчык з паліцыянтам. Са з’яўленнем паліцыянта твары ва ўсіх змяніліся. Мужчына ў мяккім капелюшы падышоў да яго і, гледзячы ў вочы, назваўся:

— Крымінальная паліцыя! Камісар Жуў! Кансьержка, напалоханая тым, што незнаёмы аказаўся камісарам, вырашыла папрасіць прабачэння:

— Каб я ведала, пан камісар...

— Каб вы ведалі,— усміхнуўся камісар,— усё роўна не далі б веры.

Жуў звярнуўся да грузчыкаў:

— Перадайце вашаму гаспадару, што я чакаю яго тут. I няхай возьме ўсе паперы, што тычацца пана Гурна... Зразумела?

Грузчыкі зніклі за дзвярыма. Камісар Жуў высоўваў шуфляды, зазіраў у шафы, пад сталы і адначасова распытваў кансьержку пра пана Гурна.

— Пан Гурн,— расказвала жанчына,— бландзін, сярэдняга росту, дужы, голены па ангельскай модзе, а наогул, звычайны чалавек.

Наўрад ці такі партрэт мог задаволіць паліцыю. Між тым Жуў загадаў паліцыянту сарваць замкі з чамаданаў, а сам ізноў звярнуўся да пані Дуланк:

— У пана Гурна была каханка?

— Але, пан камісар.

— Яна заставалася на ноч?

— Не, ніколі, пан камісар.

Раптоўна паліцыянт, які займаўся чамаданам, ускрыкнуў ад жаху. Жуў азірнуўся і схіліўся над чамаданам. Нягледзячы на тое, што служба прывучыла яго да ўсяго, ён міжволі здрыгануўся. У чамадане ляжаў труп. Пані Дуланк не вытрымала і самлела, паліцыянт кінуўся ёй на дапамогу. Праўда, труп выглядаў не так ужо і жахліва. Мужчына гадоў пад пяцьдзесят з рэзкімі рысамі твару, з высокім ілбом і залысінамі. Ён ляжаў у чамадане, падкурчыўшы ногі і сагнуўшы шыю. На ім быў шыкоўны гарнітур, і па ўсім было відаць, што ён належаў да вышэйшага свету.

— Скажыце, калі ласка,— Жуў звярнуўся да кансьержкі, калі тая нарэшце апрытомнела,— вы ведаеце гэтага чалавека?

— Я ніколі не бачыла яго.

Тут у пакой зайшоў малады чалавек з блакітнымі вачыма. Відавочна, англічанін. Ён назваўся:

— Вуланд, дырэктар «South steamship co... ». Мяне прасілі прыйсці да пана Гурна.— Ён паважна і з гонарам увайшоў у пакой, але нечакана ўбачыў расчынены чамадан, а ў ім труп. Ягоны твар не змяніўся, па ўсім было відаць, што ён тыповы англасакс.

— Калі ласка,— папрасіў Жуў,— пакажыце мне ўсе дакументы, што тычацца транспарціроўкі рэчаў з кватэры Гурна.