Читать «Фантамас» онлайн - страница 10

Марсель Ален

— Вось ліст, які мы атрымалі з Лондана ад лорда Белсома. Ён просіць нас сёння забраць багаж з кватэры пана Гурна і адправіць на параходзе ў Іаханесбург, дзе ён збіраецца яго атрымаць.

— На чыё імя вы аформілі паперы?

— На імя лорда Белсома.

Жуў колькі хвілін моўчкі глядзеў паперы, потым заўважыў:

— Апошнім часам па Парыжы хадзілі розныя плёткі пра лорда Белсома. У прыватнасці, пра тое, што гэты даволі вядомы чалавек раптоўна знік.

— Я чуў пра знікненне лорда Белсома,— пацвердзіў Вуланд,— але вырашыў выканаць тыя ўказанні, што атрымаў ад кліента.

Вуланд ледзь прыкметна кіўнуў у знак развітання і скіраваў да дзвярэй, але Жуў ізноў звярнуўся да яго:

— Пан Вуланд, вы асабіста знаёмы з лордам Белсомам?

— Не, лорд Белсом заўсёды перадаваў свае загады пісьмова.

Камісар Жуў падзякаваў Вуланду і звярнуўся да паліцыянта:

— Памылкі не можа быць, нябожчык у чамадане не хто іншы, як лорд Белсом, я не раз бачыў яго. Але хто забойца? Усё сведчыць на тое, што забойца Гурн.— Потым ціха і заклапочана дадаў: — Магчыма, я губляю розум, але здзейсніць такое забойства ў самым цэнтры Парыжа і так спрытна заблытаць сляды... Усё гэта нагадвае мне стыль... ФАНТАМАСА!

VIII

Жахлівае прызнанне

Пакуль камісар Жуў займаўся расследаваннем новай справы ў Парыжы, у ваколіцы замка Бале падзеі разгортваліся далей. Шарля і Эцьена Рамбэраў яшчэ не знайшлі. Старая Шыкар і валацуга Бузіль скончылі палуднаваць. Старая ўзялася мыць посуд, а Бузіль пайшоў да ракі па ваду.

— Матуля Шыкар! — закрычаў Бузіль.— Сюды! Хутчэй! Здаецца, я зарабіў дваццаць пяць франкаў!

Цікаўная ад прыроды старая Шыкар спусцілася да ракі. Бузіль стаяў па пояс у вадзе. Доўгім кіем ён падганяў штосьці да берага, але плынь была імклівая. Праз колькі часу, увесь мокры, Бузіль выцягнуў на бераг нешта цяжкае. Заінтрыгаваная, старая Шыкар наблізілася і раптоўна ўскрыкнула ад жаху. Бузіль выцягнуў з ракі нябожчыка! Відовішча было жахлівае: юнак, худыя доўгія ногі і рукі, адна нага практычна адарваная, распухлы, знявечаны да непазнавальнасці твар. З ран тырчалі вялікія кавалкі збуцвелага дрэва.

— Відаць, хлопец трапіў пад кола вадзянога млына,— сказаў Бузіль.

— А раптам зноў забойства? — занепакоілася старая.

— Я яго не ведаю, гэта дакладна.

— Вядома, нетутэйшы,— пагадзілася старая.— I апрануты як гарадскі.

— Лепш скінуць яго назад у ваду,— рашуча сказаў Бузіль.

— Нельга! — спыніла старая Шыкар.— Нас нехта мог заўважыць. Лепш паведаміць у жандармерыю.

Бузіль сеў на ровар і паехаў у Сэн-Жары.

У першы дзень Новага года камісар Жуў не выходзіў з дому. Ягоныя думкі былі цалкам занятыя таямнічымі забойствамі. Справа лорда Белсома! Справа маркізы дэ Лангрун! Фантамас! Дзе ён зараз, гэты Фантамас? I чым ён можа займацца першага студзеня? Нечаканы званок у дзверы прымусіў яго спахапіцца. Паштар прынёс тэлеграму:

«У рацэ каля замка Бале знайшлі труп маладога чалавека, твар знявечаны да непазнавальнасці. Па некаторых прыкметах, гэта Шарль Рамбэр. Тэлеграфуйце адказ. Следчы дэ Прэль».

Знявечаны труп. Тапелец. Няўжо гэта сапраўды Шарль Рамбэр?