Читать «Фантамас» онлайн - страница 5

Марсель Ален

— Прызнайся мне,— глухім голасам загадаў ён,— прызнайся свайму бацьку!

— У чым? — Шарль адхінуўся ад яго.

— Гэта ж ты забіў!

Шарль хацеў запярэчыць, але голас не слухаўся:

— Я забіў? Мяне вінавацяць у забойстве маркізы? Але гэта жахлівае і гнюснае забойства!

— Вядома, і ты забойца!

— Не, клянуся, не!

— Так! — налягаў Эцьен Рамбэр.

— I гэта кажа мой бацька,— з дакорам сказаў Шарль.

— Супраць цябе ёсць сведчанні, і яны жахлівыя. У тую фатальную ноч ніхто не мог трапіць у замак, ты адзіны мужчына, які быў тут,— Эцьен Рамбэр павярнуўся і пайшоў у ванны пакой, узяў з ніжняй паліцы скамечаны ручнік.

— Глядзі,— прашаптаў ён і разгарнуў ручнік перад сынам.

Шарль убачыў на ручніку крывавыя плямы. Ён знерухомеў і хацеў нешта сказаць, але Эцьен спыніў яго:

— Вось яно, неаспрэчнае сведчанне твайго злачынства!

— Але я не вінаваты... Я нічога не разумею! — Шарль адступіў і сеў у крэсла.

— Бедны мой хлопчык! Бог ведае, мо ёсць абставіны, што аблегчаць тваю віну...

— Няўжо можна паверыць, што я забойца?

— Але ты не вінаваты. Я хацеў бы давесці, што ты не можаш адказваць за свае ўчынкі. Матчына хвароба не магла не адбіцца на сыне.

— Хвароба? — узрушана сказаў Шарль.

— Жахлівая і таямнічая хвароба, над якой ніхто з нас не мае ўлады!

— Божа літасцівы! — крыкнуў Шарль.— Няўжо мая маці вар’ятка?.. Але пры чым тут я?

— Магчыма, у цябе была страшная галюцынацыя, правал у свядомасці,— падказаў Эцьен Рамбэр.

— Не! Не! Я не вар’ят!..

Шарль крычаў і ўжо не стрымліваў сябе, ён кідаў словы ў начную цішыню, безуважны да ўсяго, што не тычылася жахлівай размовы з бацькам... Эцьен Рамбэр таксама забыўся на тое, каб прыцішыць свой голас:

— Калі ты не вар’ят, Шарль, то ты — забойца! Забойца!

Раптоўна яны змоўклі, бо пачулі на калідоры шоргат. Дзверы пакоя паволі адчыніліся, у чорным прагале з’явіўся беласнежны абрыс. Перад імі стаяла Тэрэза — у доўгай начной кашулі, з расплеценымі валасамі, з бясколернымі вуснамі, поўнымі жаху вачыма. Яе калаціла. Цераз сілу яна ўзняла руку і паказала на Шарля...

— Тэрэза, Тэрэза,— зашаптаў Эцьен Рамбэр, укленчыў і малітоўна склаў далоні,— Тэрэза, ты ўсё чула?

— Так...— уздыхнула яна. Вочы яе закаціліся, яна пахіснулася і самлела.

V

«Арыштуйце мяне...»

Вось ужо другі дзень пераапрануты валацугам камісар Жуў круціўся ў ваколіцах замка Бале. Захоўваючы інкогніта, ён мог весці расследаванне далей.

Пад час арышту валацугі жандар паводзіў сябе дзіўна: пачціва спыніўся за некалькі крокаў ад пераапранутага камісара, і ягоная рука машынальна ўзнялася да фуражкі.

— Я ж прасіў мяне не турбаваць! — шэптам сказаў камісар. Ягоны твар змяніўся ад крыўды.

— Пан камісар, я мушу сказаць нешта важнае.

— На нас глядзяць, і калі вы падышлі да мяне, то мусіце арыштаваць як валацугу.

— Пан камісар, не магу адважыцца,— адказаў жандар.

Жуў павярнуўся да яго спінаю.

— Я зраблю крок убок,— цвёрда сказаў ён,— нібыта ўцякаю, а вы схопіце мяне і надзенеце кайданкі.

Праз колькі часу валацуга, ужо ў кайданках, пакорліва ішоў побач з жандарам далей ад людзей. Нарэшце абодва схаваліся за дрэвамі.