Читать «Фантамас» онлайн - страница 6

Марсель Ален

— Што здарылася? — спытаў валацута жандара.

— Пан камісар, забойца вядомы. Тэрэза сказала...

VI

«Фантамас — гэта смерць!»

Было восем гадзін раніцы. Камісар Жуў набліжаўся да замка, каля агароджы ён сутыкнуўся са следчым дэ Прэлем.

— Вам паведамілі ўжо? — спытаў у яго Жуў. Следчы здзіўлена паглядзеў на яго.

— Калі меркаваць па выразу вашага твару, вы яшчэ нічога не ведаеце. Рыхтуйце ордэр на арышт Шарля Рамбэра.

Камісар, брыгадзір і следчы шпарка пайшлі да замка. Насустрач ім выбег устрывожаны мажардом Далон.

— Дзе Рамбэры? Дзе Рамбэры? — крычаў ён. Камісар павярнуўся да следчага:

— А пташкі ўжо няма.

У замку Жуў і дэ Прэль папрасілі Далона ўдакладніць некаторыя дэталі.

— Паненка Тэрэза расказала нам пра тое, што чула ўначы: размову паміж бацькам і сынам Рамбэрамі. Нам — гэта мне і служанкам Луізе і Мары. Гэта было прыблізна а палове сёмай.

— I што вы зрабілі? — спытаў дэ Прэль.

— Я загадаў фурману Жану ехаць і папярэдзіць брыгадзіра.

— Пан следчы,— сказаў брыгадзір,— як толькі я атрымаў інфармацыю, то адразу пабег шукаць пана камісара.

— Вы зрабілі недаравальную памылку,— узлаваўся дэ Прэль,— трэба было сачыць за Рамбэрамі.

— Пан следчы,— запярэчыў брыгадзір,— я паставіў каля ўвахода ў замак Марана.

— I Маран іх не бачыў?

Камісар Жуў здагадаўся, што адбылося.

— Маран і не мог іх бачыць, бо яны ўцяклі яшчэ ўначы.

— Я кіну ўсіх сваіх людзей, каб злавіць іх,— брыгадзір таропка выйшаў.

— Дзе паненка Тэрэза? — спытаў дэ Прэль.

— Яна заснула, пан следчы. Доктар прасіў яе не будзіць...

— Добра,— сказаў следчы,— нам трэба застацца з камісарам сам-насам!

Далон выйшаў.

Першым парушыў маўчанне следчы:

— Дык што, справа скончана? Шарль Рамбэр — забойца?

— Шарль Рамбэр? — Жуў разгублена паціснуў плячыма.— Сапраўды, атрымліваецца, што ён забойца. Але я не веру.

— Не разумею, якія могуць быць сумненні: усе факты супраць яго.

— Але нешта сведчыць і на ягоную карысць,— адказаў Жуў.

— Расследаванне паказала, што злачынства здзейсніў нехта, хто быў у доме.

— Магчыма, але неабавязкова. Спачатку трэба адказаць на два пытанні: які характар злачынства і якімі матывамі кіраваўся злачынца? Калі вы не супраць, давайце зараз жа адкажам. Найперш спытаем сябе: як належыць кваліфікаваць забойства маркізы дэ Лангрун? Першы вывад, да якога прыходзіш,— злачынства адносіцца да катэгорыі забойстваў, здзейсненых з выключнай жорсткасцю. Па знешнім выглядзе ахвяры можна меркаваць пра характар забойцы: відавочна, удары такой моцы мог нанесці толькі чалавек нізкага сацыяльнага паходжання, прафесійны забойца.

— Чаму вы прыйшлі да такой высновы? — пацікавіўся дэ Прэль і, запаліўшы цыгару, зручна ўладкаваўся ў фатэлі.

Жуў хадзіў па пакоі.

— Згадайце, як выглядала рана: горла амаль цалкам рассечана нечым вострым. Рану такой глыбіні і шырыні немагчыма нанесці адным ударам. Відавочна, забойца не мог спыніць сябе і перастараўся. Гэта гаворыць пра тое, што забойца забіў без ваганняў і, магчыма, нават без хваляванняў. Усё сведчыць на тое, што забойца чалавек надзвычай дужы.

— Вашы высновы дакладныя,— пагадзіўся дэ Прэль.