Читать «Фантамас» онлайн - страница 3

Марсель Ален

— Добрай раніцы, Жан, не спяшайся,— крыкнула Тэрэза.— Мы пройдземся пешкі да вакзала, галоўнае, забяры нас адтуль.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Праз доўгую вакзальную пачакальню яны трапілі на перон.

— Вунь і цягнік,— Тэрэза паказала пальчыкам на маленькую аблачынку на даляглядзе.— Гэта дым ад паравоза, цягнік выйшаў з тунеля...

— Нарэшце,— сказаў Шарль Рамбэр.

Наблізіўся цягнік. Паравоз пыхнуў парай, скінуў хуткасць, спыніўся. Вагон першага класа стаў супраць Шарля і Тэрэзы. На вагоннай прыступцы стаяў мужчына ў гадах, прыгожы, высокі,— гэта і быў Эцьен Рамбэр. Ён саскочыў на перон, паставіў чамадан і абняў Шарля за плечы:

— Мой хлопчык, мой мілы хлопчык!

Тэрэза далікатна саступіла ўбок. Эцьен заўважыў яе і падаў руку.

— Мая маленькая Тэрэза, як ты змянілася! Ты ператварылася ў дарослую прывабную дзяўчыну з таго часу, як апошні раз я бачыў цябе яшчэ маленькай. Як пачуваецца твая бабуля?

— Бабуля пачуваецца выдатна,— падзякавала Тэрэза.— Яна просіць прабачэння, што не прыехала сустрэць.

— Нашто прабачэнні! Я чакаю, калі сам змагу падзякаваць за тое, што яна дала прытулак майму Шарлю.

Тым часам цягнік рушыў. Утрох яны выйшлі на пляц перад вакзалам.

— Нічога не разумею,— сказала Тэрэза.— Дзе карэта? Дзе Жан?

— Відаць, яго нешта затрымала,— усміхнуўся Эцьен Рамбэр.— Нічога, багаж пакінем у камеры хавання, а самі пройдземся пешкі!

Яны рушылі па дарозе да замка Бале.

Эцьен Рамбэр змоўк на колькі хвілін. Аднак неўзабаве азваўся зноў:

— Я гляджу, паркавую агароджу замянілі, вось гэтай сцяны раней не было, рос жываплот.

— А я ніякага жываплота не памятаю,— рассмяялася Тэрэза.— Мы пойдзем паўз стайні і даведаемся, чаму Жан не прыехаў за намі.

Тэрэза адчыніла маленькую, ледзь бачную брамку і прапусціла наперад Эцьена з Шарлем.

— Але Жана няма,— здзівілася яна.— Чаму ж мы яго не сустрэлі? А, зразумела... Небарака Жан! Іду ў заклад, ён чакае нас каля касцёла, ён жа кожную раніцу возіць мяне туды.

Пад вокнамі маркізы дэ Лангрун Тэрэза крыкнула:

— А вось і мы, бабуля!

Ёй ніхто не адказаў. У суседнім акне ўзнік мажардом Далон.

— Які жах! Такая бяда! Сёння раніцай мы знайшлі гаспадыню дэ Лангрун у сваім пакоі нежывую, яе зарэзалі...

III

Замкнёнае кола

Дэ Прэль, судовы следчы з пракуратуры Брыва, прыехаў у замак Бале.

— Пан Далон,— звярнуўся ён да мажардома,— прашу расказаць усе падрабязнасці. Як і калі знайшлі цела?

— Звычайна зранку,— распачаў мажардом,— я прыходжу да пані дэ Лангрун павітацца і атрымаць заданне на дзень. Гэтым разам я пагрукаў у дзверы і не пачуў адказу. Я пагрукаў мацней. Не разумею чаму, замест таго каб пайсці, я пхнуў дзверы... Мне цяжка пераказаць тое, што я адчуў, калі ўбачыў маю гаспадыню на падлозе нежывою, з жорстка перарэзаным горлам, на нейкі момант мне нават падалося, што галава яе адсечана...

— Гэта праўда, пан следчы,— пацвердзіў паліцыянт.— Забойства надзіва жорсткае. Раны жахлівыя...