Читать «Фантамас» онлайн - страница 28

Марсель Ален

Покуль дзяўчаты ціхутка разбіралі дакументы, лэдзі Белсом пачціва распытвала святара:

— Як даехалі?

— Дзякуй, лэдзі Белсом, добра, вашы сяляне са Скотуэл-Хіла поўняцца аптымізмам і спадзяюцца на лепшае, але зіма, відаць па ўсім, будзе халоднаю. У гарах ужо лёг снег.

— Вы раздалі дзецям і жанчынам цёплую вопратку? — спытала лэдзі.

— Тысячу дзвесце камплектаў,— святар падаў ёй спісаны аркуш.

— А санаторый для сухотных?

— Будаўніцтва амаль скончана,— кіўнуў Хоўп.— Гэта па-хрысціянску.

Нейкі час святар нерашуча вагаўся. Нарэшце, карыстаючыся тым, што лэдзі Белсом заглыбілася ў дакументы, ціха сказаў:

— Я хачу сказаць яшчэ вось пра што. Гэта тычыцца нябожчыка Эдварда Белсома.

Маладая жанчына спалохана глянула на святара.

— Слухаю...

Дзяўчаты далікатна выйшлі з пакоя.

— Калі вы ведаеце,— пачаў Хоўп,— у Шатландыі, пасля знікнення вашага мужа, усе занепакоены.

— Спадзяюся,— перапыніла святара лэдзі Белсом,— імя нябожчыка не ганьбяць?

— Не, не, не турбуйцеся. У Скотуэл-Хіле ўсе ведаюць, што забойцу не знайшлі. Але за яго прызначана вялікая прэмія. I ўсе спадзяюцца, што паліцыя...

На апошніх словах святара лэдзі Белсом яго перапыніла:

— Што ж зробіш?

Раптоўна дзверы гасцёўні расчыніліся, і лёкай абвясціў:

— Пан аканом Сілвертаўн...

Следам за лёкаем у пакой да лэдзі Белсом зайшла Лізбэт і падала даволі доўгі ліст. Перад тым як чытаць яго, лэдзі Белсом глянула на подпіс і заўважыла:

— А вось і навіны ад Эцьена Рамбэра.

Пачуўшы гэта імя, да лэдзі Белсом наблізілася Тэрэза.

— Прачытайце,— падала ёй ліст лэдзі Белсом,— потым раскажаце мне, што піша наш сябар.

Тыдзень таму Эцьен Рамбэр з’ехаў з Парыжа, паведаміўшы сябрам, што накіроўваецца ў доўгае падарожжа.

Лэдзі Белсом была занята размоваю з аканомам. Аканом супакойваў яе:

— Лэдзі Белсом можа не хвалявацца, я паставіў у доме новыя замкі. Дом добра ахоўваецца.

XXI

Забойца лорда Белсома

Гэтай жа ноччу, калі разышліся па дамах тэатральныя аматары, сціх грукат фіякраў і брычак і нічога болей не парушала цішыні ўтульнай парыжскай правінцыі Нэі, сціхла ўсё і ў палацы лэдзі Белсом. Але гаспадыня яшчэ не спала. Яна падсунула шэзлонг бліжэй да каміна, паставіла ногі на камінныя краты і задумалася. Раптоўна паднялася і падышла да акна. Аднекуль з цемры пачуліся рэвальверныя стрэлы. Лэдзі кінулася да дзвярэй у вестыбюль.

— Што адбываецца? Лізбэт, Тэрэза, Сюзанна, да мяне!

На калідоры загрукалі дзверы. Паўраспранутыя дзяўчаты падбеглі да яе.

— Які жах! — спалохана крычала Лізбэт.— Злодзей на першым паверсе. Ён залез праз аранжарэю. Уолтэр паваліў яго і душыць, яны б’юцца насмерць.— Расказваць далей яна не магла: у яе заняло дыханне.

Праз колькі хвілін да лэдзі Бэлсом падбег аканом Сілвертаўн. Ён пачаў узбуджана тлумачыць:

— Мы рабілі абход, калі нечакана заўважылі ў цемры чалавека — мяркуючы па ўсім — злодзея. Паклікалі яго — ён уцякаць. Мы за ім, схапілі яго, ён супраціўляўся. Давялося раз ударыць. Карацей, мярзотнік у нашых руках. I неўзабаве сюды з’явіцца паліцыя.