Читать «Фантамас» онлайн - страница 2

Марсель Ален

Пасля апошніх слоў прысутныя адчулі сябе ніякавата.

— А хто яны такія, лорд і лэдзі Белсом? — спытала маркіза дэ Лангрун.

— Лорд Белсом у мінулым аташэ англійскага пасольства ў Парыжы,— сказала баранеса дэ Вібрэ.

* * *

Прабіла дзесяць гадзін. Маркіза дэ Лангрун звярнулася да Шарля Рамбэра:

— Цягнік, на якім прыязджае твой бацька, прыходзіць у Верэр а сёмай гадзіне?

— Так. Я ўпэўнены, што бацька ўзрадуецца, калі ўбачыць на вакзале не толькі мяне, але і Тэрэзу.

— Няхай і яна пойдзе з табою,— згадзілася маркіза.— Тэрэза, не забудзься папярэдзіць нашага мажардома Далона, каб падрыхтаваў карэту...

— Добра, бабуля.

Тэрэза з Шарлем сышлі з гасцёўні.

— Хто гэты юнак, Шарль Рамбэр? — пацікавіўся ксёндз.— Колькі ні прыгадваў, не ўспомню...

— Вядома,— азвалася маркіза.— Немагчыма ўспомніць таго, з кім не знаёмы. Хіба што чулі ад мяне часам імя Эцьена Рамбэра, майго даўняга сябра. Мы даўно з ім не бачыліся, але надоечы сустрэліся ў Парыжы на свяце. Дваццаць гадоў таму ён узяў шлюб з чароўнай дзяўчынай, але яна захварэла, баюся, што яна звар’яцела... Эцьену давялося пакласці яе ў клініку.

— Аднак з гэтага не вынікае, што ягоны сын мусіць быць тут, у замку,— заўважыў суддзя Банэ.

— Шарль Рамбэр скончыў сямейны пансіён у Гамбургу. З Эцьенавых лістоў я даведалася, што пані Рамбэр паклалі ў клініку, а сам ён мусіў з’ехаць на нейкі час з Парыжа, вось я і прапанавала: няхай Шарль пажыве ў мяне ў Бале, покуль ягоны бацька не вернецца. Ужо другі дзень Шарль тут.

— А Эцьен Рамбэр прыедзе заўтра? — спытаў ксёндз.

— Так...

Усе раптам змоўклі, бо Шарль Рамбэр вярнуўся ў гасцёўню:

— Вы казалі пра Фантамаса? Гэта так цікава.

— У гэтым няма нічога цікавага,— заўважыў суддзя.

— У наш час жыве такі таямнічы злодзей.

— У пана багатая фантазія,— сказаў суддзя,— залішне багатая, але гэта пройдзе, моладзь нярэдка гаворыць і не думае.

Час быў позні, і госці пачалі развітвацца.

— Шарль, калі ласка, зайдзі да мяне,— сказала маркіза,— я ж абяцала даць кнігу, яна ляжыць на маім сакрэтніку.

У сваім пакоі маркіза здзівілася:

— Відаць, я забылася яе пакласці. Але я ўсё адно павінна адамкнуць сакрэтнік, праверыць латарэйныя квіткі, мой падарунак Тэрэзе,— маркіза адамкнула ампірны сакрэтнік.— Гэта будзе цудоўна, калі маёй маленькай Тэрэзе пашанцуе!

— Сапраўды,— усміхнуўся Шарль.

Маркіза знайшла кнігу.

— Шкада, я бачыла нумар білета, які выйграў у «Капіталь», і забылася яго.

— Я магу прынесці газету,— прапанаваў Шарль.

— Не варта, ксёндз па серадах звычайна забірае прэсу за тыдзень, заўтра ўсё высветлім.

Шарль Рамбэр ляжаў у сваім пакоі, але заснуць не мог. Яго апанавалі трывожныя думкі. Мроіўся зменлівы вобраз Фантамаса. То ўяўляўся асілак са звярыным тварам, то белая істота з вогненнымі вачыма, то нешта неакрэсленае, фантом... Фантамас!!!

II

Трагедыя на досвітку

А пятай гадзіне раніцы Шарль Рамбэр і Тэрэза Авернуа выйшлі з замка ў сад. Калі яны міналі стайню, то сутыкнуліся з фурманам: ён выкочваў з-пад паветкі старасвецкую карэту.