Читать «Босая зорка» онлайн - страница 9

Рыгор Барадулін

НЯЎСЦЕРП

А часу нецярпіцца як хутчэй Украсці ў века маладосць І прыгажосць у маладосці. Ажно маланкі бліскаюць з вачэй. Час, ён у гэтым свеце Толькі госць. Яму няўцям, што сам Старэе ад зайздросці...

ЧАКАЕ ВЕРШНІКА...

Пад зялёнай бярэзінай Белы конь Адпачывае ад хамута i плуга. Чарэмха цвіце. Пахне раніцай з луга. Зямля халодная, Як нябожчыкава далонь. Небасхілу Б'ецца крыніца ў скронь. Нервы ў травы напятыя туга. Ра чулка дрыжыць, Як блакітная пуга. Чакае вершніка Белы конь...

З ДАСВЕЦЦЯ...

Спалілі воск Дзідалавы грахі. Не сонца абяскрыліла Ікара. За лабірынт, да літасці глухі, За аднакрэўніка нагнала кара. Зірк цяжка адарваць ад хмарных крыг. Яшчэ й да неба не прывыкла шыя. З дасвецця вечнасці віну старых Парыўна выкупляюць маладыя...

РЫЗЫКУЮ

Злом нявечаны, любосцю пешчаны, Гадаваны цнотай і абразаю, Гэты свет Мне Богам запавешчаны, За яго, пакуль жыву, адказваю. Не набыў я нáбыці для спадчыны, І не маю куфра кутавекага. Гэты свет, Вачмі маімі ўбачаны, Рызыкую пакідаць на некага. Як запалкі ад малога некалі. Ад мяне памалу ўсё прымаецца. Страшна разлучыць з маёй апекаю Гэты свет, Што за мяне трымаецца...

ВІДАЦЬ...

Відаць, мне цяжка будзе памірацца, Бо неяк лёгка да жыцця прывык, І змоўкне смех — Мой кеплівы дарадца, І здзівіцца з сябе самога крык. Я цішыні пакрыўджуся на стому, Кіўну на развітанне гамане. Ды як я буду паміраць, нікому Ўсё гэта нецікава. Як i мне...

ДЫМ

Хоць дым умее гаварыць, Не скажа, што яму гарыць. Агонь глядзіць вачмі рудымі. Дым спавівае небакрай, Да рогу ў пекла, Сцежку ў рай. Цяплей дрыжыцца Зорцы ў дыме. Жыццё гарыць, а дым жыве І ў ногі сцелецца траве. І пагарэльца мроі прыме, Хто мог пераканацца ў тым, Што ўсё на гэтым свеце — Дым. І не відаць нічога ў дыме.

ДА ПАРТРЭТА МАРКА ШАГАЛА

І засланяецца ён вачыма Яшчэ блакітнымі, Каб нікому Убачыць было немагчыма Маркоту ягоную й стому. Сканчаецца справа зямная... Не дбае мастак пра надзелы... Самога сябе ўспамінае, Самотны, Як космас ссівелы...

МАЛАДОЕ BIHO

Маладое віно Хмеліць па-маладому. Маладое віно Маладое душой. Маладое віно Не даводзіць дадому - Спаць да дня пакідае На падушцы чужой. Маладое віно Цвеліць па-маладому, Пазлачаначка-чарачка Светлае дно. Не даверыць нікому Салодкую стому — Толькі ёй i яму — Маладое віно!