Читать «Босая зорка» онлайн - страница 8

Рыгор Барадулін

ЖАДАННЕ

Нябыт абыякава ўсё праглыне. Я цешыцца Марнай надзеяй гатовы, Што нехта захоча Сказаць пра мяне: Ён быў на паслугах У матчынай мовы.

КАБ ТОЛЬКІ...

А нашае жыццё З святла i змроку. Перапялёса лес Пляце кашы. Каб толькі ў змрок Ступіць i ў неўзнароку Змаглі забараніць Сваёй душы. А на святле, Бязлітасным i шчырым, У Бога ўсе мы Як на далані. І рунню маладой, І вечным жвірам Жывуць не намі Лічаныя дні...

ДАГЭТУЛЬ...

Дагэтуль У снах я з аброву лячу, Дагэтуль Мне чуецца чаўкат дзічыны. Праз гэтулькі год Мне стаяць уваччу Азяблыя вочы ў дзяўчыны. Не ведаю, як, А сагрэць ix хачу...

БАЯЎСЯ

Я прыйшоў да цябе праз неглядзь Калючых вачэй, Дападаў праз аблогі, Дзе тупелi нарогі. Я прайшоў у табе адлегласць У трыста начэй I аднаго баяўся — Убачыць канец дарогі...

ЯШЧЭ РАЗ...

Барыс Пастарнак Помняцца першыя словы твае, Словы апошнія я не ўзгадаю. Так, як смуга неўзнаку растае, Ціха расталі, Пайшлі за гадамі. Мне не дагнаць ix. Словы й гады Рушыць у прочкі надумалі самі. Дні дагарэлі, Як дровы з грады. Сподзеў вазіў Гэты дровы вазамі. Болей не грэў нас З песні камін. Здаўся на яблынях наквеццю Шэрас. І, адыходзячы ў мой успамін, Мусіла ты Азірнуцца яшчэ раз...

РАБІНАВАЯ НОЧ

...Пустка лушчы... ...Пастка пашчы... ...Малюнак маланак... ...Варыяцыя вар'яцтва... ...Муры мары... ...Страха страху... ...Крокі крыку...

А ЯК ЖЫВЕЦЦА...

А багатая душа не скупая Ні на шчырасць, Ні на неспакой. І ніхто у яе не запытае: Як жывецца табе самой? А багатая душа маладая, Бо старэць ёй няма калi. А багатая душа галадае — Не пякуць ёй хлеб на зямлі. І багатая, А па-жабрацку Ходзіць з торбай пустою адна, Каб было куды зорам сабрацца. Толькі торба не мае дна...

ГЛУХІЯ ПАСТУХІ

Ідуць праклёны не на лес сухі. Каб пляскаць радасці, Не хопіць ладкаў. Нам аддаюцца нашыя грахі Праз нашых Неўсвядомленых нашчадкаў. У старасці глухія пастухі. I самапасам ходзяць Думак статкі. I самі па сабе Жывуць грахі. I нас не хочуць заўважаць Нашчадкі...

ПРА ШТО ДУМАЕ КАМЕНЬ

Неба кідае думкі не на абразу, Ды ад жаху згарэць у зямной мітусні Камянеюць нябесныя думкі адразу, Перакідваючыся ў камяні. І, задумаўшыся, не варухнуцца вякамі Камяні — Незразумелыя мысляры, Ix маланкі гарачымі грэюць рукамі, I напрошваецца туман у сябры. Ім спакою стае, як лагоднага моху. Толькі более іхняй маўклівай радні. На зямлі, што як падчарка небава, Могуць Вольна думаць Бадай што адны камяні...