Читать «Босая зорка» онлайн - страница 11

Рыгор Барадулін

Ён толькі зрэдку ў забытым сне Ды ў думках ласых бывае дома. Чужое ўсё ў чужой старане. Адно што родная толькі стома. Здаецца смехам ягоны плач. Па свеце гоніць дакораў зграя. I вочы выцалуе крумкач. Як роднага, Прыме зямля сырая.

УЗАЕМНАСЦЬ

Свая ў жыцця з нябытам камерцыя. Ратуе свет сябе творчай працаю. Паэму інтымную дапісвае радыяцыя Прыдворная паэтэса ў смерці.

ЖЫВУ...

Толькі ў сне я жыву цяпер, Там бяда бядзе спачувае, Там радня мая ўся жывая, Незнявераны мой давер. Шкадаванню там мейсца ёсць, Там няблага ў застоллі грэцца. Там вяртаюцца, каб сустрэцца, I маленства, i маладосць. Пасівелыя груганы Там мяняюць пер'е на цені, Што забылі свае найменні, Каб прыходзіць маўкліва ў сны...

БЫЎ ЯБЛЫК...

У першасвеце на пачатку самым З далоні шчырасці піла пчала. Быў райскі сад, I быў я ў ім Адамам, Ты, адпаведна, Еваю была. Меў смеласць страх, І сорам быў пры сіле. Быў дзень, як год, І ноч, як дзень, была. Мы забаронны яблык надкусілі І падаліся ў госці да святла. Аціхлася лісцёвая залева, Сцямнелі пад вачмі віроў кругі. Цяпер я не Адам i ты не Ева. A доўг расце. Быў яблык дарагі...

БОСАЯ ЗОРКА

Зорка босая йшла па зямлі. Я хацеў ёй купіць чаравічкі. Толькі як згаварыцца, Калі У яе незямныя прывычкі. Зорка босая йшла па расе, І сляды яе не астывалі. І вятры слугавалі красе. Халады ад яе адставалі. Зорка босая йшла нацянькі, Бо спазніцца баялася дужа. Дзе ступала, цвілі васількі, Дзе стаяла, ўсміхалася ружа. Зорка босая йшла ў тумане Кладкай зыбкай над хітрай вадою. Зорка босая йшла да мяне. Каб аднойчы назвацца табою.

АКРАМЯ...

І калі ў нас нічога не будзе, Акрамя вады i агню, Я напоўню пяшчотай грудзі, Небасхіл да сябе прысланю. I цябе да сябе прыхіну я, Як галінку агонь малады. Дождж тады Да цябе прыраўную, Што стулае ў твае сляды. Мроя ў радасным перапудзе Свой згадае забыты след. I кал i ў нас нічога не будзе, Будзе ў нас як сусед Сусвет...

КАЛЫШЫ...

«Я табе сяброўка і сястра. Я табе ўжо болей не каханка...» — Пазваніла мне накаванка. Пасвятлела позняя пара. Праз гады спаткаў мой смутак Тую, Што вяла мяне праз пекла ў рай. Як ты забыццю ні патурай. Ад сябе самога не ўратуе. Гэта ужо як быццам калыханка, Ад якой бадай што спаць пара. Калышы, сяброўка i сястра, Ашукай, як шчырая цыганка...

РАМАНС

Я Вас чакаў з вясны да сівізны. Як вечны вязень раніцу чакае. І Вы прыходзілі парою ў сны. Далёкая, як зорка трапяткая. Я Вас шукаў як не на ўсёй зямлі, І ў кожнай маладой неразгаданай Вы, ўзнёслая, былі і не былі, Плылі ракой, разводдзем разгайданай. Я Вас гукаў, i голас мой змаўкаў Перад красой, нябачанай вякамі. Ішоў за Вамі ценем, — Цень знікаў, І словы захаплення замаўкалі. Я жыў чаканнем i цяпер жыву Надзеяй, што сустрэну хоць зімою. Хілю заснежаную галаву І дзякую за веснавую мрою...