Читать «Босая зорка» онлайн - страница 10

Рыгор Барадулін

ДЗВЕ САМОТЫ

Смірэць звыкаюцца залёты. След паўтарыць не хоча след. Дзве незалежныя самоты Шануюць свой нейтралітэт. Глушэюць памяці сумёты. Радзеюць радасці лясы. Дзве незабытыя самоты Былыя чуюць галасы. Ружова бачацца закоты. Сцяжына туліцца наўсточ. Дзве вечаровыя самоты Лагодна падаюцца ў ноч...

НАДПІС

Хоць эпітафію маладосці Пісаць нязвыкла, Ды я пішу. Світальныя леты — Залётныя госці, Перад зімавеем сагрэйце душу! ...Сваімі лічылі гарышчаў салоны. ...Куляў І куляўся з бяседных лаў. ...Пал загараўся, Што куль саломы. ...Лічыў, Што Пегаса я падкаваў. ...Кахаў шалёных, Быў сам шалёны. ...I Бахуса ў бараду цалаваў. P.S. Я разумею, што маладосці І ў эпітафіі цесна, І ў тосце...

ВЫЛУЧНА БЕЛАРУСКІ

Вылучна беларускі сапраўдны Ён, звычай, Звечны святымі святамі, Каб са жніва Пакінуць на Дзяды Галодным птушкам Каласкі з зярнятамі. Каб памянулі птушкі заадно Высокіх продкаў. Звонку звонка зябнучы. Змяркання маразянае віно Не хоча вылівацца Ў прагнасць зяп начы. Сухі дзядоўнік, як ахвярны дуб, Бражджьшь дуддзём. Апанаваны шэранню. І чуб дзядоўніку мароз даскуб. А на Дзяды I змрок куццёй вячэрае. Запяўшы хмараў шэрае радно, Нябесны гаспадар сузор'е вешае. Не птушкі прыляцелі пад вакно, А душы прашчураў — Вястункі вешчыя...

РЭКВІЕМ

На Палессі буслы не заводзяць сям'i. На Палессі буслы бабылямі. Цені счахлыя ходзяць Па стахлым куп'і. Чарнабыльнік пыхліва буяе. Ветраком Адхрысціцца ад наслання Спрабавала былая сядзіба. Толькі аблачанятка, як бусляня, Праплыло над ёй чырванацыба...

СЦЮДЗЁНА

Сябры ў прыцішаным чаўне Плывуць памалу ў праайчыну. Што будуць сніць У вечным сне Пад дахам цёмнага спачыну? Чакаць умее Гэны край. Развітваючыся, дарэчы Замест рахманага «бывай» Сказаць сцюдзёна: «Да сустрэчы...»

ДУМАЮЦЬ...

Смяецца рэхам цішыня. Рачулка журыцца прытокамі. Маўчыць вірамі глыбіня. Нябёсы думаюць аблокамі.

КАЛI АПОШНІ...

Калі апошні беларус Апошні дзякуй небу скажа, Туга на сэрца Богу ляжа I ўсцешыцца прыблудны хлус. Бог i спахопіцца тады, Што цягавітых не хапае. На ласку й так зямля скупая, I свет такі немалады. Заселіць Беларусь наноў Бог беларусамі такімі, Што будуць на сваёй радзіме Панамі без чужых паноў. Край продкаў родны нездарма. Душа без мовы — сіратою. I вольны помніцьме пра тое, Што шыі мулка ад ярма...

ВЫГНАНЕЦ