Читать «Босая зорка» онлайн - страница 6

Рыгор Барадулін

KPOM

Як навалачкі на ладушках старых, Праношваюцца на небе хмары. З абломкаў храмаў старых Узводзяцца новыя храмы. З аблокаў аглухлых крыг Разводдзе бярэ ахвяры. На вёрсты мераюць крык, Цярпенне важаць на грамы...

СТАРЭЕ ДЗЕНЬ...

Душа прагоркне ў палыне. Сон абначуе за барамі. А голас мамін будзе мне Гучаць, Нібы малітва ў храме. Маўчыць, як цень, мой страх. І вір Смяецца сінімі губамі. Старэе дзень. І рыдаль жвір Не сыпле ў рот бяззубай яме. Яшчэ пярун сябе кляне. І рана зачыняцца браме. А голас мамін ува мне Гучыць, як у забытым храме...

ЗМЕІ АГНЮ

Галоўнае — не азірнуцца, Каб прысак не разварушыць, Да вогнішча не прыгарнуцца, Што змеямі агню кішыць. Агонь спаліў мае аблокі, Хмурынкі хмарамі зрабіў. Мой спапяліў спакой далёкі І ў небе позірк мой згубіў...

БЫЦЬ!

Быць Беларусам — Гэта значыць, Свайго ні гуку не забыць, Усё чужое перайначыць, Каб Беларусі вечнай быць! Быць Беларусам — Гэта значыць, Вясёла з сумнай долі кпіць. Да Бога сцежку верай значыць, Нагбом з карца надзеі піць. Быць Беларусам — Гэта значыць, За родны Край згараць на дым, Па-беларуску чуць i бачыць На гэтым свеце i на тым.

САГА

Трамвай піша сагу. Маўчыць знямога. Нервовыя рэйкі Дрыжаць за аўтара. Настрой пытае Сябе самога: Выходзіць На гэтым прыпынку Ці заўтра?

НА ПАРУКАХ У НАСТАЛЬГІІ

Я даўнiм стаў, як вальс, Што быў сыграны Аднойчы некім i не для мяне. І сажалак зялёныя экраны Hi мой адчай, ні сум не скалыхне. Я ўзяты настальгіяй на парукі, Дзе тыя рукі, ўдзячныя мальбе? Мелодыя забылася, і гукі Пайшлі ў нябыт, Каб там знайсці сябе. Ці ўзнагароджаны, ці пакараны Тым успамінам, што жыве i ў сне? Я стомлены, як вальс, Што быў сыграны Аднойчы некім. Ды не для мяне...

НЕПАЧУТЫ

Ён прадбачыў, прадказваў, прарочыў. Ён душою крычаў. Ён маўчаў. Ён з дарогі на сцежку не збочыў. Ён глухім дараваў, выбачаў. Пілнаваўся святых запаведаў: Не рабуй! Не няволь! Не мані! І гукаў прачынацца, і ведаў, Што ў адказ палятуць камяні. Здрада й подласць за ім цікавала, І нянавісць ішла крок у крок. І на ўсё ў гэтым свеце прыстала Паглядзеў Непачуты прарок.

БЕЛАРУСЬ — ТЫ МОЙ СОН ВЯЛІКОДНЫ

Беларусь — ты мой сон вялікодны. Сон, што сніцца анёлам вясной. Зрок і слых мой табою галодны, Дух жыве мой табою адной. Гэта ведае неба ды мама — Без цябе не бывае мяне. I душа жыць не можа без храма, Цяжка ёй у чужой старане. Адусюль да цябе я імкнуся Быць у шчасці з табой i ў бядзе. Чысцінёю тваёй прычашчуся, Сорам твой на мяне хай па дзе.