Читать «Босая зорка» онлайн - страница 12

Рыгор Барадулін

ПАЭМА

Мне цябе не стае Тае...

АДМЕТНАСЦЬ

Восень смелая ў непаўторных. Позняя ў самавітых зіма, Лета шчырае ў незабытых, У адзіных вясна здагадлівая. Час гады меле ўпрытайкі ў жорнах. Млынару супачыну няма. Мліва сее на частых сітах Старасць Ды на сябе паглядвае...

ГОЛА...

Дрэву перасаджанаму гола У чужой маркоце й цішыні. Хай галіны й зашумяць вясёла, Сумна дол свой Помняць карані...

УСЁ, АПРОЧ...

Прыядаецца ўсё, Апроч Лусты жытняй Ды бульбы сопкай. Радасць скача апошняй стопкай Перад тым, як кульнуцца ў ноч. Праядаецца ўсё, Апроч Імені свайго i ўспамінаў. Той, хто засветла свет пакінуў, Рэху не згадае: Кроч! Прыглядаецца ўсё, Апроч Неба ды аблічча матулі. Хто згубіўся ў агульным гуле, Хай пілнуецца родных воч...

БЕЛЫЯ СЛЁЗЫ

На нічыйных гарадзкіх дварах, Быццам сны ў разбураным Сезаме, Па сваіх былых гаспадарах Вішні плачуць Белымі слязамі...

СПАГАДА

Кат звяртаўся да сваёй ахвяры, Ha спагаду маючы надзею: — Гэта я пакутую ад кары, Я — ахвяра, Вер мне, дабрадзею. Потны, слізкі ад крывавай працы, Болей сам, здаецца, дыхаў страхам. І цікаўнасць дыхала на пляцы, І сачыла за скупым узмахам. Кат. відаць, спазняўся на вячэру. Кат спяшаўся да сям'i, дадому. І няшчасны папрасіў сякеру — Галаву адсек сабе самому!

ПАДСПУДНАЕ

Вандроўнаму часу спіну балесна Горбяць аблокаў летуценныя клумкі. Каб з клетак мозгу выпусціць думкі, У небе ад птушак зрабілася б цесна.

ШТО?

Абняла агонь несутрымны Так Венера Мілоская — Аж Абязручыла, I наўсцяж Паплылі закаханыя гімны. У часіну людзкога прыбою Кожны хоча быць на плыву. Ніка страціла галаву, Дажынаючы поле бою. Льга, відаць, Запытацца у Бога, Што вядзе жыццё па жыцці, Ці мілосць бязрукая, Ці Безгаловая перамога?

ДА СЛОВА

Да слова бруд не прыстае, Бо слова незямнога кшталту. Яму нябеснасці стае. Каб быць Непадуладным гвалту. Ствараем слова, ці яно Нас, недаствораных, стварае, Так золь дабельвае радно, І гоіць боль зямля сырая. І колькі часу ні сплыло б, Назвацца хоча ўсё нанова. І думка свой гарачы лоб Халодзіць даланёю слова.