Читать «Абсяг» онлайн - страница 5

Рыгор Барадулін

Зорка Перамогі

Не згасне ён, Світальнай зоркі ўзбліск, Як, злосны космас, Ты яго не мглі,— Вянчае зорка Зорны абеліск Зямнога подзвігу Маёй зямлі.

Ветэраны

З кожным годам — Больш выгод: Лес са шчодрай жменяй. Больш ільгот, Але штогод Ветэранаў меней. Нарасло За столькі год Праўнукаў i ўнукаў. Боль, Нязвыклы да выгод, Ва ўспаміны грукаў. Паступова да святла Вывелі з падвалаў. Прага да жыцця Вяла, Вера гадавала. За гады Сплыло вады І паперы многа. Пружыць нерваў правады Слова «Перамога». Дбае кандыдат пра тэст, Тэма: «Ветэраны». Ды пратэз, Нібы пратэст, Хрыпне вечарамі. Дасць, як трэба, Сельсавет Шыферу, Фанеры. У прэзідыум — Як след — Просяць піянеры. Б'юцца сны ў накатаў столь., Вам у вырай рана, Радасць І пякучы боль — Ветэраны.

* * *

Свой лес — свае зайцы. Закон, здаецца, просты: З кары Мудры карцы І набіркі — з бяросты. Дуг прагнасці не гні, Паганскі дух не нішчы. Улада цішыні Трымае каранішчы. Шануй хвальбу хваін, Мальбу глухога ляда. У лесе будзь Сваім, Патрэбным, як спагада. Свой лес, І ў ім ваўкі Такі Не усе звяліся. Гадзюкі у клубкі, Сіпучыя, звіліся. Свой лес — свой гнеў, Свой сум. У чысціні ратоўчай Ты — наняты, Лясун, Не лесанарыхтоўшчык!

* * *

Эфір, нібы даспелы луг, Дзе вольна Нёману і Гаўі, Высакамернасці мятлуг Не змарнатравіць разнатраўя Тут раўнапраўя горды дух! Звінець, антэніцца травінцы, Навін чакаць, нібы расы, Сусвету слухаць галасы Зялёназвесненых правінцый. Пазнання дрэва вольнакора Галініцца ад завірух. І хвалі радасці ці гора Штохвілі скалынаюць луг...

Азімы дуб

Смaлiлi ў цябе Вайны перуны, Спазнаў паклоны, Запомніў праклёны. Ды не адстала ні карыны Ад цела твайго, Зялёны! У хмурыне чупрыны Дазволіў ты Раскашавацца зорам, Каб хцівасцю ўсмяглі Злыя раты, Зайздроснікі ўспомнілі сорам. Сыноўняму сэрцу Балюча люб, Каранаваны кронай нязгіннай, Край мой спаконны — Азімы дуб З выпаленай сэрцавінай.