Читать «Абсяг» онлайн

Рыгор Барадулін

Рыгор Барадулін

АБСЯГ

Лірыка

Падрыхтаванае на падставе: Барадулін, P. Абсяг. Лірыка. - Мн.: «Маст. літ.», 1978. - 256 с.

1. ГАНЧАРНЫ КРУГ ПЛАНЕТЫ

З гары

Цяпер — Ці ў радасці згары, Ці счахні ад адчаю, Адчуй адно: Ідзеш з гары. Твой смутак залачае... Ужо заняўся веташок На макаўцы віхрастай. Забудзь стажок і муражок І ў сад чужы не шастай! І сам сваім гадам Гадзі, Яны — як тыя госці. А вёскі ўсё часцей, Глядзі: Пагосцішча, Пагосце. Яшчэ тваю сасну Піла Не кроіць на цалёўкі. Узмах вясла, Узмах крыла. Чакае ўзмах рыдлёўкі... Зняверцу-роспач пратуры: Азёрна, Борна, Гойна! Далёка бачыў на гары — Ідзі з гары спакойна.

* * *

Нам перадаць імкнецца час Усе свае прыкметы, Пакуль пад сонцам Круціць нас Ганчарны круг планеты.

Светла

Памяць грукне ў шыбу ззяблай вішнінай, Добры сон паўторыць Той начлег: Светла прачынацца ў хаце сцішанай, Вестку чуць ад мамы: — Выпаў снег...

Існасць

У чым жа існасць існавання, Суседства з існасцю — быцця, Быцця свядомага — жыцця? Здагадак чаўнакі снавалі, Саткалі капу забыцця, Каб захінуць ёй Шлюбны ложак, Вясельны і хаўтурны стол. Сагрэлі ўзор давер валошак І снег, што ўснежыў вечны дол. Ці ўзважылі зямлі патайнасць Рыдлёўкі даланя, Лямеш? Пакуль жывеш, Датуль пытайся. Пытаннем сутнасці жывеш...

* * *

Утаймаваўшы агонь, Разняволіўшы атам, Перамогшы звера ў сабе, Ад нябесных пазбавіўшыся апек, Да чалавецтва ідзе чалавек Ад самога сябе дэлегатам... Быць заступнікам перад атамам Просіць свой век.

Арганаўты

Плылі спрадвеку пехатою. Пагляды лашчыла руно Жаданае і залатое — Рунела рунь... Сахі стырно Трымалі моцна. Заплывалі За вечаровы небазвон. Люлялі. арганаўтаў Хвалі Перастаялых баразён. Карэц каравай даланёю Трымалі Працы каралі. Рабілі з небам іх раднёю Крутыя крылы араллі. У полі Сеялася заўтра. Кляліся небу перуном Ушацкіх гоняў арганаўты. Зямля рунела ім Руном.

Сівая балада

I Няма хвілінкі, Каб навальніцца. Знойдзецца праца І ў навальніцу: Даюць батрачцы Анучы лапіць. Што гром злуецца — Шукае лапаць? II Ад страху золка, Ад жаху хмарыць: Можа ў іголку Пярун ударыць! Згубіць бы йголку У пуні, ў сене. Пярун гразіцца — Трасуцца сені. III Бяды хапіла. Быў свет пямілы. Яна з іголкі Сям'ю карміла. IV Ці бліскавіца Жагае ў хатку? V Ці мама ўдзявае Нітку ў шаршатку?!