Читать «Абсяг» онлайн - страница 3

Рыгор Барадулін

* * *

Позірк вымгліу туман стамлёны, Скроні выбеліла асака. Задрамаць не даюць страмёны Хмарагрывага рысака. Як завецца ён — Лёсам, Таланам Ці адчаем маім? Але Толькі мчаць бы на ім, Раззлаваным, Дзень вітаць у крутым сядле. Апантана жыццю адданы, Мушу ўсё я прачуць спаўна, Каб Яго Няўмольнасць Загнаны Час Адчула мая спіна...

* * *

Запыталка-дражнілка Былая, Малая... Пытаць навучыла Бабуля Малання: — Варона-старажона, Ці была ты імасць? — Была-была!.. Адказ немудроны. Спытаць магчымасць Была — Сплыла... Да бульбы варонай Закраса — брусніцы. Сарокай, Варонай Маленства прысніцца. Маленства прысніцца, Туга праясніцца. За прасніцай мама — Баліць паясніца. Мне соладка спіцца, Мяцеляцца спіцы. Гудзе калаўрот — Юных год Калясніца... Каб зноў тых На год Сто нагод Падражніцца: — Варона-старажона, Ці была ты імасць?.. Лёд зялёны, сцюдзёны, Кладку памяці вымасць З нябіткага шкла. Была...

Перад халадамі

Каб лісток — Галýтай Восень перастоіць. Сек імжакай лютай Сівер, як трастою. Роспачлівы выбух Белага застолля У азёрных шыбах Стоена застогне. Маладая скруха Перагаладае. Вусцішна і глуха Перад халадамі...

Партызанская маці

Не працэджан хмар сырадой. Ці не купіны закурэлі? Ступні сталі Карой цвярдой — Ад сырой зямлі закарэлі. Пальцаў скручаныя карані Намясіліся гною, гліны; За сыноў (Божа іх барані!) Ногі матчыны Мацалі міны. Не да сноў — Сны вяртаюць зноў Допыты, Катаванні, Расстрэлы. Паправодзіла ўсіх сыноў — Аніводнага Не сустрэла... Не расце трава забыцця Над балючым карчом — Пад крэвам. Захавальніца дрэва жыцця Стала дрэвам...

* * *

Не мне чакаць лагод-выгод, Калі пачну, Як тыя знічкі, Перабіраць ружанец год. Не з мурагом падвялым брычкі, Што не адчулі шпал пагонь,— Мае гады — Як электрычкі: Скачу ў вагон, Нібы ў агонь. Мне не змяніць Свой нораў, Звычкі. Хоць крыжам ляж на палатно, Прамчацца свістам — Ім лацно!— Мае гады, Як электрычкі...

* * *

Я ім не ўгароджваў загонаў. Не цішыў разбег імклівы. І зоры мелі за гонар Дзядамі ўплесціся ў грывы. Бакі не зазналі лейцаў, Падкоў асцярогі — ногі. За мной не хадзілі ўлегцы, Цягнулі цяжар знямогі. Я іх не кілзаў ніколі, Сцярог ад абраз i тлуму. Як некалі з князем — Коней, Са мной пахаваюць Думы.