Читать «Абсяг» онлайн - страница 2

Рыгор Барадулін

Хлапчуку з ляшчынінаю ў руцэ

З маладой ляшчыніны Будзе вудаўё. Свет табе расчынены — Забірай сваё! Будзе кладка рыпкаю, Будзе лёд і жвір. Залатою рыбкаю Выхітрыцца вір. Будуць юшкай хмарыста Трызніць саганкі. Будзе ўдача скнарыста Абрываць кручкі. Вобмелі, заглыбіны Нераст абвядзе. Будзе след ад рыбіны Ў маладой вадзе. Не глядзі зняверыста, Пазірай задзірыста. Будзе рыбе нерасту I надзеі – вырасту!

* * *

Пах вечаровага жытла На цішыні настоен. Схіл паўтарае Хіб вала. Спакойны вол настрою. Ён абагнаў загоны дня І зараз на папасе. Жаданы выган — цішыня Прымае ўсіх па часе. І двор, і кол — Пасецца вол, Спакою вол рахманы. І свет, здаецца, ўвесь — Наўкол. І вышыня — ля хмары. І саганок, і таганок Змрок свойтае паволі. І толькі Стомы ціхі крок Яшчэ пыліць у полі...

Прыцягненне Віцебскай зямлі

Мы дамоў вяртаемся, Генадзь, Дзе б сцяжыны нашы ні кружылі. Лепей на зямлі бацькоў Канаць, Чым раскашавацца на чужыне. Смутак раптам гляне з-пад рукі — Засклыгочуць нервы І рысоры, Смутак — Быццам вёска Петрачкі Па дарозе на твае Расоны. Доўга слаць яшчэ нам Лён турбот, Бачыць праз бяроз адліжных Строі З верацёнамі ялін Завод, Што прапах вятрамі I кастрою. Нашыя правіны Замалі, Край бацькоў, Світальнаю зарою. Прыцягненне Віцебскай зямлі Мы адчуем Пад зямлёй сырою.

* * *

Бацькаўшчына, Дзедзіна, Вырай смутку — спадчына, Доляю адведзена, Злом пералапачана. Дзён сівое прадзіва Ніткаю суроваю На сцяжыну прадзеда Памяць выкіроўвае. Пойдзеш той сцяжынаю, Як рачулкай плытнаю,— Родны край з чужынаю Ані пераблытаеш!

* * *

На сцэне «Лявоніхі» тупат спорны, На сцэне полька канае ў гуле, На сцэне ўборы маёй матулі І песня яе — Каларыт фальклорны. І ў век нейлонавы, Век маторны Хачу, каб песню маёй матулі І ўнукі ўнукаў маіх пачулі Нe толькі са сцэны, А ў хаце — блізкую — Над ціхай калыскаю, Над поўнай міскаю.