Читать «Амплітуда смеласці (I лірыка, і гумар.)» онлайн - страница 4

Рыгор Барадулін

Халодны прытулак

Тых, што жылі Пры бамбёжках і пры абстрэлах I пасля, Ад цішыні не аглухшы, Выжылі, Сынкі-пестункі ўладкоўваюць У дамы прыстарэлых, Дзе перад старымі крыўды Перадкуюць выжламі. Дзеткамі рай абяцаны На самай мяжы з апраметнай — Спачатку бацькоў У горад вязуць з куфэркамі, А пасля, Атрымаўшы на іх дадатковыя метры, Збываюць, як мэблю старую, Каб інтэр'ер не кавэркала. У дамах прыстарэлых Сцены з бёрнаў абразы, Столь з аглухлай тугі, 3 адчаю маснічыны. Туды, як з блакады чэргі, Далятаюць спагады фразы. Там выбухам глушыць спакой — Пасынак ласкі знішчанай.

* * *

Ці перспектыўнае сяло, Дзе густа жыта каласіла, Дзе нема гора галасіла, Вяселле песнямі гуло? Ці перспектыўнае сіло, Што словам матчыным нашчадка У палон адданасці няшчадна Невынішчальнасцю ўзяло? Ці перспектыўнае святло, Што над калыскай заяснела, Каб гадавала мару смела Надзеі ранішняй жытло? Ці перспектыўнае чало, Што, зняўшы шапку-аблавушку, Падпільнаваўшы думкі птушку, Хмурнець ласкава пачало? На ўсё, Што будзе, Што было, Адкажа час без нашай спешкі, Пакуль блуканняў нашых сцежкі Знявагаю не замяло.

* * *

Хат болей, чым людзей. Цямнее вечарамі, I ціхі ўецца ўранні Дым з комінаў радзей. Галлём жыцця да дна Пазагаціўшы гаці, Дасюль у кожнай хаце Яшчэ жыве вайна. Жывыя вочы хат Глядзяць праз пальцы дошчак, Як скача босы дожджык Па лехах наўздагад. I хаты ў бабылі Пайшлі б, Ды моцна гэтак Двароў, Хлявоў, Паветак Трымаюць хатулі. А галасы надзей У даўнім перапудзе Гукаюць: — Дзе вы, людзі?! Хат болей, чым людзей.

Былая вёска Аралля

Уціснулі спіны ў зямлю Падмуркаў жалобныя крушні. Тут страшна шаптацца быллю, Здзічэламу сіверу скрушна. Баяцца расці камяні — Свой нораў зыначылі звыклы. Тут толькі ўспамін схамяні, Ускінуцца полымя іклы. Ішоў Бай па сцяне У чырвоным жупане. Баіць ці не? А можа, цемра агонь заглыне? Баіць. Няўжо не стоміцца куляў заедзь? Баіць. Чым апошнія хвілі бавіць, Покуль сынок засне? Агонь на сцяне. Не-     ба, Дзе ты? У дыме — адно прасветы. Табе дзірванець, Аралля. Дзе сейбіты, Дзе аратаі? I з песні твайго жураўля Вясна ні адна не вяртае. А на араллі жураўлі У песні хадзілі. 3-пад Кубліч Вяселлі і ксціны гулі, Стаеннікі дзятлінку скублі. Тут час Памыляецца ў днях, Тут жах Сам сябе карануе. Па прысаку, па камянях Адчай свой загон барануе.