Читать «Амплітуда смеласці (I лірыка, і гумар.)» онлайн - страница 5

Рыгор Барадулін

* * *

Івану Роўбу

— Мама, я паслухаю шпакоў, - Сын маленькі просіцца з падвала, Дзе націнне ў жудасці падвяла, Дзе ўцямнелы дзень шукае схоў. Край лясны дажыў да саракоў, I рака была разліцца рада, Ды паслала выраю блакада 3 горламі жалезнымі шпакоў. Ані ціхне іх свінцовы спеў — Злосцю захлынаецца па лесе. Рухнула страхою паднябессе. Луг травой акрыцца не паспеў. Кулямёты б'юць з усіх бакоў, Гільзы непрастылыя дымяцца, А малеча ціснецца да маці: — Выпусці, Паслухаю шпакоў.

Балада жаху

Жвірам аслепіць адчаю вока Просьба малых да ката: — Не засыпай зямлёю глыбока, А то нас не знойдзе тата...

Размова па-партызанску

У лесу, азяблага партызана, Пытаю: — Колькі ў цябе ствалоў, 3 якіх ты можаш ударыць рана Зялёным залпам?.. Апошніх слоў Лес не даслухаў: — 3 усіх ствалоў Удару заўтра ж. Зіму далоў!

Ветраў сон

Паклаўшы мех пусты пад галаву, Сніць вецер Стог, завеяны снягамі. У сена маладзік Залез з рагамі, Яму крычыць хмурынка: — Я плыву!.. Перазалее вецер да касцей, Пацягнецца пад ранне, Пустадомак,— Сняжок з галін Пасыплецца гусцей, Па сухадолах — Выстылых стадолах. I доўга вытрасае цішыня Начной трывогі крошкі 3 кішаня...

* * *

Уладзміру Кавалёнку

Мы толькі ходзім па зямлі; А думкі нашыя ў нябёсах. I Млечны Шлях, Як вечны посах, Відзён з туманнай араллі, Каб не забыўся напамін, Што зоры — Нашых мар радзіма. I зорамі вачэй глядзім мы На зорны пыл былых сцяжын. Па зорах вызначаем лёс, Па зорах на зямлі варожым. I трызнім даўнім падарожжам, Якім нізрынуты з нябёс. Перабіраюць нашы дні Для памяці Ружанец зораў, I незямнога смутку жораў Нас кліча ў вырай вышыні.

3 вайны

Вечны абразок

Пі горкую смела — Вайна адгрымела. Ный, скруха тупая, На раны хапае Чыгуначнага палатна. Прыгруквалі колы: — Да д-дна! I чулі магнаты: — Дукаты—дукаты!.. I чулі салдаты: — Дахаты — дахаты!.. Круціліся колы, Быў кожны вясёлы. Вайна адсмылела Чарговая, А новая Порах прыхоўвае...