Читать «Амплітуда смеласці (I лірыка, і гумар.)» онлайн - страница 3

Рыгор Барадулін

Піліп

Прасілі талакою: — Піліпе, шавяліся, Сыграй ты нам такое, Каб грошы завяліся! Нібыта з ганарлівай Залёткай чубіў спрэчку, 3 суседкай гаварыў ён, А голас слаў за рэчку: — Цераз рэчку жэрдачка, На тым баку сэрдачка. Клічу-клічу, Не чуіць, Няхай з богам начуіць!.. Не спаў у футарале Смык у яго ніколі. Шляхцянкі-хутаранкі Не спалі ў наваколлі. I ў смаляной кабылкі Ён мог дабіцца згоды. Памылкі, Як абмылкі, Змывалі часу воды. Красунь у лес ад плётак Вёў смелы смык Піліпаў. 3 гнязда не раз Падлётак Ягонай долі выпаў. Нагамі чуў Еўропу, Піліп ішоў з палону Да маладога кропу, Да ўшацкага булёну. I зноў іграў вяселлі, Вірыў-юрыў ігрышчы. Як гусі, палі-селі Снягі гадоў на ржышча Жыццёвага загону, Дзе ўсмак пасмычыў гора А спрыт ляцеў з адхону, А стома лезла ўгору. Бо й скрыпка пасумуе Не доўга, для парадку, Дый пра сябе самую Загадвае загадку: — Авохці мне, Пяць на мне, Шосты строчыць. Што ж ён хочаць? А клопаты паслугай Яго не абміналі. Хадзіў па лузе з пугай I ў небе камінарыў. Ішлі паволі з поля Звяздоні ды Букеткі, Давалі скрусе волю Ссівелыя суседкі. На ўзлеску адшкадуе Ялінку маладую — I комін граў трубою, Вітаў зіму журбою. Чаму я пра Піліпа, Веселуна з пасёлка, Успомніў? Смутак-клыпа Ідзе здалёку золка. Завея загалосіць У незабытым краі, Здаецца, спеў узносіць — Піліп на скрыпцы грае...

Яблыні

Адны на лавачках ля муроў I днююць, і вечаруюць. А думкі днеюць там, Ля двароў, Сякуць ахрап'е, з поля кароў Чакаюць, На лехах шчыруюць. А думкі ў госці ідуць Да радні: Кумы частуюць, Клапоцяцца свацці. Балюча ўспамінам — Які ні крані. Старыя яблыні, Іх карані Не прыжываюцца на асфальце.

Рунь

Яны ў вайне навечна засталіся, Палі вайны засеяўшы сабой. Палеглі за пагоркі, За сталіцы. Спакой Рунее іхняю сяўбой. У мірнае зямлі на далані Балюча важыць Зерне цішыні.