Читать «Амплітуда смеласці (I лірыка, і гумар.)» онлайн

Рыгор Барадулін

Рыгор Барадулін

АМПЛІТУДА СМЕЛАСЦІ

І лірыка, і гумар

Падрыхтаванае на падставе: Рыгор Барадулін, Амплітуда смеласці: I лірыка, і гумар — Мінск: Мастацкая літаратура, 1983. — 222 с.

КАРЭННЕ АБЛАЧЫН

Наведвайце бацькоў, пакуль яны жывыя,

Пакуль дымяцца коміны — нагрэйцеся ў бацькоў.

Калі адчай вякоў гайнёй ваўкоў завые,

Не трэба анікому ён, сум ля сляпых слупкоў.

* * *

Якія будуць сніцца сны Нашчадкам нашым: Ці дзень вясны, Ці цень сасны, Ці шум лясны, Ці нашум? Ці неба зорнае прыкмет Для іх значэе — I казак свет, I след камет Не будзе мець значэння? Ці хопіць памяці званоў Званіць у заўтра, Прачнецца зноў Трывога сноў, I мы, як дыназаўры?

* * *

Наведвайце бацькоў, пакуль яны жывыя, Пакуль дымяцца коміны — нагрэйцеся ў бацькоў. Калі адчай вякоў гайнёй ваўкоў завые, Не трэба анікому ён, сум ля сляпых слупкоў. Пішыце ім часцей, спакоем ахінайце, Як ахіналі некалі яны ўсе вашы сны. Без бацькавых надзей, без ціхай ласкі маці, Куды б ані заехалі, вы будзеце адны. Вы маладыя ўсе, пакуль бацькі старыя Жывуць няўмольным клопатам, каб вам лягчэй было. А на глухой страсе, якую вецер крые, Бацян забытым клёкатам нясе ў гняздо цяпло. Бацькі глядзяць на свет шпакоўнямі пустымі, Адкуль у вырай вымкнулі вясёлыя шпачкі. А крылаў лёткі след трывогай жалю стыне, I выбягаюць дымкія сцяжынкі нацянькі, Спяшайцеся паспець душою разгавецца, Пакуль, спагады просячы, на выстылым галлі Трымціць лісток ледзь-ледзь бяссонніцай на вейцы, Пакуль завеі ў роспачы шляхоў не замялі.

Дамоў

— Дамоў! — гукае маці Дачушку. Дзе яна? Спакой туманнай масці Пасецца ля акна. — Дамоў! — Не хоча неслух Ісці ў начны палон, Дзе ціша ў мяккіх крэслах Забыты бачыць сон. — Дамоў! — Свае чароды Вясной вяртае край. Матулін голас родны, Гукні мяне, парай. — Дамоў! — Спрабуе скруха Гукаць мае гады Туды, Дзе будзе глуха І ў дождж, і ў халады...

* * *

3-за парога роднай хаты — 3 запарожжа Пачалося падарожжа У запарошша, Дзе пароша запрашала У заварожжа, Дзе на шчасце варажыла Раздарожжа...

* * *

Мне дома цяжка заснуць, Пакуль ува мне засынаюць Неба, ад жаўранкаў ажаўранелае, Што для мяне іх раней разбудзіла; Нечапаныя вішні ў цвеце, Якім нецярпіцца зірнуць у студню; Дзьмухаўцы-жаўтароцікі, Ад вугольчыкаў пчолаў пякучыя; Рэчка, дзе плёхае пранікам плотка, Мыючы дзецям сваім кашулі; Луг, дзе трава раскашуецца, Як маладая чупрына мая даўно; Мятлік гарачы, які раскрывае крылы, Правяраючы недаверліва, ці ягоныя; Луговіна, што ператрасае пярыны з зімы, Аж завейна ад цёплага пер'я кнігавак; I, вядома ж, абавязковы бусел — Ён па традыцыі даўняй Мусіць мой сон пераксціць, Як некалі гэта рабіла мама, А цяпер яе дома няма. Я чакаю, пакуль яны ўсе заснуць, А пасля іх прашу, заклінаю ласкай Сноў маіх не мінаць анідзе — 3 імі ўсюдых я дома буду...