Читать «Амплітуда смеласці (I лірыка, і гумар.)» онлайн - страница 6

Рыгор Барадулін

* * *

Вышэла неба мараю Купалы, Да зорак Думку слала ўпершыню. I навальніц гняўлівыя цымбалы Будзілі перунамі цішыню. I Коласавым клопатам раднела Зямля, Сыноў вяртаючы дамоў. Ралля надзеі ранішняй Рунела, Ад бліскавіц чакаючы замоў. Там далягляд, Дзе да зямлі прыпала На момант неба, Блізкае здаля. 3 арламі неба мройнае — Купала, 3 ратаем Колас — Крэўная зямля. Зямля гаворыць з небам Курганамі, Калыша неба зорку-немаўля. Радзіма ў слова ёсць, Пакуль вы з намі, Купалы неба, Коласа зямля!

Лясная паштоўка Генадзю Бураўкіну з першага снегу

Дабраў лістапад барышы, I снежань над ім нахіліўся. Ахапісты снег на галінах, Як першы цяжар на душы. Бялеюць завеі сляды, Глушэюць далёкія крокі. Надзённай трывогі сарокі Вяшчуюць — ідуць халады. А з полацкіх стольных бароў Да полымнастволых ушацкіх Вятры пачынаюць спяшацца, Як некалі мы з вечароў. Не ўгрэецца на сівярах Твой шлях перазяблы да школы. I позірк матулі вясёлы Дагэтуль прыхмарвае страх: А дзе ён, а як там сынок? Надоўга дарогі забралі. За горамі, ці за барамі, Ці ў казцы смяецца званок? Салодкае слова дамоў Паволі ў гаркоце растане, I ўрэшце настане расстанне, Нібы цягнікоў ля Грамоў. У станцыі ціхай адкуль Імя навальнічнае гэта? Тут наша нядаўняе лета Развязвала смеху хатуль. Ды сум ускуліла зіма, Відаць, ненадоўга на плечы. I рады мы кожнай сустрэчы, Пакуль той апошняй Няма...

* * *

Любуецца восень Хусцінкай рудою. Суседка ссівелая, Як заінелая градка, Мадоннай Трымае перад сабою Качанятка. Нібы немаўлятка. I мне, спавітая Хрупаткою смугою, Падміргвае хітра Загадка: «Сорак насавоў, А ўсе без рукавоў?» Не з пустымі рукамі Вуліцу пераходзіць Сарочыха. Ласка мяне сустракае, Смутак дамоў варочае?

Міколу Гусоўскаму

Класічны крой лацінскай апранахі Хацеў стрымаць славянскі ўзмах рукі. Начэлі догмаў сонныя манахі, I каркалі анафемы крукі. I слухаў Рым нячутай пушчы пахі, Туровы гром, алені бег ракі. Ляцелі ў вырай з Белай Русі птахі, I ў вырай вечнасці — твае радкі. Ты з год юначых меў талан на ловы, Сіло латыні самі рвалі словы, Ішлі ў Еўропу з годнасцю здалёк. Каб дум раскутасць лёс не ўрок суровы, Кужэльную кашулю роднай мовы Ад забыцця замовіў васілёк.