Читать «Талісман» онлайн - страница 7

Ніл Гілевіч

ІНФАРМАЦЫЯ ДЛЯ РОЗДУМУ

Суд над ім учынілі, I ў тым паядынку няроўным Ён ад іх бараніўся як мог Словам праведным родным. Мовай маці-зямлі Ён прабіцца хацеў у іх сэрцы, Ды яго зразумець не маглі, Бо былі... іншаземцы: Ні адзін, хто яго Вінаваціў у цяжкай крамоле, Ані слова ў судзе Мовай гэтай зямлі не прамовіў! 26.I.94

З НАГОДЫ

Ну, вось і зноў засведчылі Сваё нераўнадушша Мае сябры-даследчыкі: Узрушыў я іх дужа. Спярша адзін прымерыўся I ў гонг ударыў раптам: "Гэй, гэй! Паэт зняверыўся I здрадзіў дэмакратам!" Пасля другі — прыслухаўся I першага паглыбіў: "Крывой дарогай рухаўся — Таму і ў песні схібіў!.." Бадай вас качкі, хлопчыкі! Усё жыццё на крэслах Мазоліце вы копчыкі, Капаючыся ў тэкстах. I ўсё мой грэх знаходзіце — Як вось і гэтым разам... Сябры! Не мне вы шкодзіце. Шчыруйце, добрым часам! Прыгнуты горкай ношаю, Я вам усё дарую — I ўсю лухту найноўшую, I ўсю лухту старую. I дзякуй вам, што ў пространі Скупой на смех эпохі Мяне сягоння проста вы Павесялілі трохі. 13.ІІ.94

НІЧОГА ДЗІЎНАГА

Сыны і дочкі матухны-зямлі! Вы бачыце, як сатанеюць тыя, Што ў нашых душах так і не змаглі Усмерціць мовы зернеткі жывыя? I ад таго, што сёння на сяўбе Мы марым пра жніво, пра песень копы, — Ажно равуць, выходзячы з сябе, Гвалтаўнікі яе і далакопы. Ім мала ёй адмовіць у правах, Ёй — чыстай, зіхаткой, як сонца ў росах. Ім трэба ўнізіць, збэсціць, апляваць, Паздзекавацца ў самы розны спосаб. Што ж! Дзіўнага нічога тут няма: Яны прывыклі мець на гэта права. Ім гэта можна! Хіба ж задарма Шануе, цэніць, любіць іх "дзяржава"? Ім можна ўсё! — Упэўнены яны. I нават мову камяніць астрожна. А нам што можна, дочкі і сыны? Ці думаеце вы: а нам што можна? Ці ў нас усіх правоў, што шапку зняць I подлы страх адкашляць перад п'яўкай: "Панок, дазвольце мне паначаваць У роднай хатачцы маёй, пад лаўкай". 19.ІІ.94

АДКАЗ 3 ПЯРСТОМ БОЖЫМ