Читать «Талісман» онлайн - страница 9
Ніл Гілевіч
ГЕРОІ НАЦЫІ
* * *
ПАЗІЦЫЯ
Артыкулы, выступленні, інтэрв'ю
1992—1994
"КАБ ЖА ТОЕ СЛОВА ДЫ ЛЮДЗЕЙ З'ЯДНАЛА..."
Гісторыя беларускай літаратуры мае адну відочную адметнасць: за нязначным выняткам лёс яе творцаў, найперш тых, што ўвасабляюць яе гонар і славу, склаўся або вельмі драматычна, або і зусім трагічна. Прычым, не толькі пры жыцці, але нярэдка і пасля смерці. Прыгадайма жыццёвы і творчы лёс геніяльнага самародка Паўлюка Багрыма, зрэзанага жандарскай касой, калі яшчэ ён быў кволым зялёным парасткам, лёс асуджаных на выгнанне Яна Чачота і Франца Савіча, Арцёма Вярыгу-Дарэўскага і Вінцэся Каратынскага, поўнае пакут, абраз і прыніжэнняў жыццё аднаго з найвялікіх нашых паэтаў і драматургаў, пачынальнікаў нацыянальнага адраджэння. Беларусі — Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, яго паслядоўнікаў, вязня Мінскай турмы Каруся Каганца і рэвалюцыянеркі-выгнанніцы Алаізы Пашкевіч-Цёткі, лёс зведзеных у магілу сухотамі паэта-дэмакрата марксісцкай арыентацыі Адама Гурыновіча — на 25-м годзе жыцця, геніяльнага лірыка і навукоўца-мысліцеля Максіма Багдановіча — на 26-м годзе жыцця, вялікага пакутніка, палымянага паэта і публіцыста Алеся Гаруна — на 33-м годзе жыцця... А затым, ужо ў савецкі перыяд нашай гісторыі, прыгадайма лёс Янкі Купалы,