Читать «Талісман» онлайн - страница 6

Ніл Гілевіч

РЭПЛІКА

За ўсе свае памылкі і грахі Перад людзьмі і Богам, За тое, што, нібы сляпы-глухі, З анёлам блытаў погань, — Кускамі сэрца кожны дзень плачу. Чаго ж, панок, кіслішся? Падазраеш, што збегчы я хачу? Не ўсё сплачу — баішся? Дарэмна! Мог бы ўжо і ведаць-знаць, Што я не з дэзерціраў I ад жыцця не кінуся ўцякаць: Сплачу да кроплі шчыра. 25.ХІІ.93

ЯКІ ЎЖО ГОД...

Які ўжо год цынічны зброд Спраўляе шабаш на экранах, У храмах тлуміць, як у крамах, Каб звесці корань наш на звод. Які ні высвечу канал, Любой парою, дзень-адодні — Крыўлякі, выхапні, падонкі Крычаць: "Канай, мужык, канай!" Каб без душы, без крыл, без сіл Я задыхнуўся ў гэтай багне I не пачуў, як гром бабахне — Той, што на ўвесь на небасхіл. 30.ХІІ.93

У НАС, У БЕЛАРУСІ...

н. г.

Ёсць усё ў нас — I нават на здраду прычыны. Ёсць за ўсё апраўданне — За ганьбу, за здзек... А яшчэ — Ёсць, на шчасце, Такія жанчыны, Без якіх Беларусь Не ўваскрэсла б вавек. 2.I.94

ДЗЕЦІ

"Сыпце радасць ім поўнаю жменяй!" — Гэты кліч я ўспрымаю праз боль, Бо дзіцячага смеху ўсё меней, А дзіцячага суму ўсё больш. Суму тых, што падобны на Бога, Калі ўсмешкай адорваюць свет... Для каго ты патрэбна, свабода, Калі мы не ўратуем іх смех? 2.І.94

ПАКУЛЬ НЕ ПОЗНА

Так карупцыйна-мафіёзна У нас ідзе грабеж-разбой — Што мушу ў рэйку біць трывожна: Ратуйце, людзі, выбар свой! Ці вы яшчэ не зразумелі, Хто час наважыў асядлаць? Якія выпаўзні усселі На горб мазольны — кроў смактаць? Ці не відно ў цісках пагарды, Куды, змяніўшы колер фраз, Змяніўшы цэшкі і кукарды, Вядуць пярэваратні нас? Ці, звыкшы несці крыж пакутны, Мы так і будзем жыць-цярпець, Пакуль наш дух, калісь магутны, Не перастане нават тлець? Дык не маўчыце ж! Станьце грозна Жывой сцяной, у поўны рост, — I рушце ўсе, пакуль не позна, За вольны край, за новы лёс! 14.І.94