Читать «Талісман» онлайн - страница 98

Ніл Гілевіч

Ну, а тым, хто зласліва і цынічна здзекуецца з гэтае нашай найсвятое святыні, хто свядома і ваяўніча адмаўляе нашаму Слову ў праве на свабоднае жыццё, хто ўзяў на сябе ганебную ролю яго турэмшчыка, забойцы і далакопа, — ім у гэты дзень нашага свята я не скажу нічога. Я моўчкі прайду міма, прайду з пачуццём пагарды, але і са спачуваннем, што Бог так пакрыўдзіў іх — так бязлітасна абышоў сваёй любоўю.

Жыве беларуская мова — жыве Беларусь! 27.06.94 г.

І ЎСЁ-ТАКІ ДОЙДЗЕМ

За векам век плыве-цячэ, А мы ідзем, ідзем... I што ж? О, як далёка нам яшчэ Да Беларусі!!.. Ужо няўсцерп нам крыж пакут, I мы крычым, крычым, але — Не дакрычаліся пакуль Да Беларусі. А можа быць, яна — міраж, I ўсё мы трызнім?.. Бо чаму ж Не далятае голас наш Да Беларусі?.. Відаць, пракляцця знак ляжыць На нас адроду, і таму Так цяжка шлях нам церабіць Да Беларусі. Равуць вятры, грымяць грамы, Пыл засціць вочы нам, і ўсё ж, I ўсё ж мы дойдзем, дойдзем мы Да Беларусі!.. 1992, красавік