Читать «Талісман» онлайн - страница 4

Ніл Гілевіч

Талісман, ты мяне беражы, Беражы, талісман, беражы, I на самым крутым віражы Затрымай на апошняй мяжы. Я так веру ў цябе, талісман! Я цалую цябе, талісман!.. Талісман, ты мяне беражы I мацней да жыцця прывяжы. На зямлі, дзе радзіўся і рос, Дзе паверыў аднойчы ў свой лёс, Не аддай у бязвер'е і зман, — Ты адзіны мой бог, талісман!.. Талісман, ты мяне беражы, Беражы і яшчэ паслужы: На развілку дарог у глушы, Дзе бялее рушнік на крыжы, — Пераймі ад кашчавай ганца — Каб я песню дапеў да канца 25.XІ.93.

СЯБРЫ МАЕ!

Сябры мае! Браты і пабрацімы! Я ўспамінаю вас усіх дабром. Калі ж прыедзеце ў мой край гасцінны? Калі мяне запросіце ў свой дом? Чаго чакаем? Покуль нас зусім Не перасвараць злыдні-звадыяшы? Чаму ж як непрытомныя маўчым? Дзе нашы розумы і сэрцы нашы? Ці ж для таго, Каб жыць раздрай-разборам, Віталі мы свабоду ў добры час?.. Не ведаю, як вам, А мне — дык сорам, Што я не бачу і не чую вас. 27.XІ.93

БРАТКАМ ПАЭТАМ

Вы ўсё — аб дэмакратыі? А дзе яна? Ну дзе яна? Што песня не за кратамі — Ад свету не аддзелена? Не ходзіць падканвойнаю? I не вісіць на почапцы? Што можа птушкай вольнаю Ляцець, куды захочацца? Чаму ж, стуліўшы крылачкі, Знямоглая, аціхлая, Пад шэлест нейчай выручкі Яна ледзь чутна ціўкае? I ўжо жыццю не радая, Глядзіць на свет калекаю... А вы — пра дэмакратыю!.. А вы — пра волю нейкую!.. 27.XІ.93

ТЫ КПІШ З МАІХ ПАКУТ?

Ты кпіш з маіх пакут? З маёй бяды вялікай — Маёй і многіх? Што ж! Пасмейся! Пахіхікай! Цябе не мог працяць Разрыўны боль пякучы. Ты маску зняў — і ўсё: I ўсе твае пакуты!.. 5.XІІ.93

ВЯРГІНІ

Кветкі маміны — вяргіні: Аж бел-чырвана ў двары! Ці не гэтым дарагімі Сталі мне вы з той пары? Пэўна, горкі, пэўна, кепскі Быў бы лёс мой, каб не вы. Кветкі мамінай нявесткі. Сімвал святасці жывы. 12.ХІІ.93

ЛЮСЯ ШУЛЬМАН

Люся Шульман, мой сябрук-равеснік Ты быў першы ў нашай Слабадзе, Хто... Я помню, як узбоч ад весніц Ты ляжаў на жухлай лебядзе; Як цямрэлі ў роспачы слабодцы: "Ну за што? I што тут трэба ім?..'' Ты быў першы... Па квітках забойцы Я тым летам мусіў быць другім. Ці анёл мой кулю перастрэціў? Ці сцярог мяне мой зорны знак?.. Брат мой Люся, ў дзевяноста трэцім Ты прысніўся мне не проста так. 12.XII.93