Читать «На высокім алтары» онлайн - страница 10

Ніл Гілевіч

Кляновы лісток

Вястун неспадзеўны — кляновы лісток Ляжыць на далоні: Ці позва на суд ці на шчасце квіток, Мне Богам дароны? Пра шчасце, як грэшніку ў пекле пра цуд, Мне марыць запозна. Напэўна, на страшны і праведны суд Ад Бога мне позва. Чаму ж бо, паведай, лісток-варажбіт, Мне сэрца так цісне? Чаму мае думы на ўвесь краявід, Як хмары, навіслі? Што тонкія жылкі-пражылкі твае Вяшчаюць-варожаць? Ці ласку, якая душу мне спаўе, Ці стынь і варожасць? Скажы ж, не таіся, калі сапраўды Ты Божы пасланнік. Чыесьці дарогі... Чыесьці сляды... Чыесьці расстанні... Гляджу-углядаюся ў рыскі-штрыхі, Бы ў лёсу пісьмёны: Чыесьці надзеі... Чыесьці грахі... Чыесьці імёны... Чыесьці тут лёсы, чыесьці... А дзе ж Майго накановы? Ці мне, на астатку, не ведаць іх лепш, Лісточак кляновы? 1992

Уражанне

Уражанне: бытта ў глыбокай пячоры мы ўсе, Ступаем і мацаем сцежку нагой з непрывычкі, А хтосьці наперадзе полымца свечкі нясе, Рукой затуліўшы яго язычок невялічкі; Мы ўсе за ім сочым, і кожны кішэні трасе — I жах абымае: ні ў кога ніводнай сярнічкі!.. 1993

Добрыя людзі

Добрыя людзі, Ну будзьце ж вы добрымі! Хіба не бачыце: Я — па-за вамі. Марна вы, марна. Турботамі дробнымі Сцежкі да сэрца майго Пазаймалі. Я — па-за вамі. Не злуйцеся, любыя. Гэта мінецца. Я дзесьці — часова. Потым вярнуся. Жывы. Незагублены. Потым... Як вернецца Роднае слова. 1993

Дзённік

Першага студзеня. Сэрца натруджана Так, што здаецца: Сціхла, не б'ецца. Трэцяга лютага. Некалі любага, Мілага ў Бога — Гоняць з парога. Пятага траўня. Значыць — бяспраўна? Значыць — бяздомна? Значыць — бяздольна? Шостага чэрвеня. Боскае счэрнена. Хіба што ў песні Светла ўваскрэсне? Сёмага ліпеня. Слёзнымі ўсхліпамі Памяць скуголіць, Просіць і моліць. Восьмага жніўня. Больш, чым наіўна... Горш, чым бяздумна... Горка і сумна! Восьмага верасня. Той, хто зняверыўся — Іншым не прыклад... Горка і прыкра! Першага снежня. Горка і смешна — Марыць аб нечым Светлым і вечным. 1993

Старадаўні сюжэт

Чэсны рыцар, не збэшчаны вольніцай, Пакахаў — і паверыў у лёс. I на Панну Прыгожую моліцца, I на дол не спускае з нябёс. Ён не знае, што Панна Прыгожая Любіць балі адно баляваць, Бестурботна, як птушачка Божая, Пырхаць, пець ды зярняткі кляваць. Ён не знае, што ў хвілю нязвыклую, Як пасыпаць не будзе чаго, Гэта Божая птушачка выклюе Закаханыя вочы яго. 1993