Читать «На высокім алтары» онлайн - страница 20

Ніл Гілевіч

Зварот

Таварыш! Рускі і ўкраінец, Яўрэй, татарын і паляк! Мы ўсе ў адной жывем краіне, З нас кожны кожнаму — зямляк. Я да цябе звяртаю слова: Ты паглядзі на тых між нас, Каму дзяржавы нашай мова — Кусок руды, а не алмаз. Ты бачыш, як яны злуюцца — Стратэгі гібельных інтрыг? I плодзяць стосы рэзалюцый, I падымаюць лямант-крык. Але чаго? Каб хто спытаўся! Не па нутру ім, што народ З уласнай мовай не расстаўся I не аддаў яе на звод. Лічылі ўжо, што задушылі Яго правы, яго пратэст, Што ўжо амаль і завяршылі Абез'язычання працэс. А мова — вось: жыве, жывая! I набірае сілу-моц. I нас — душу з душой — яднае, Як берагі надзейны мост. I не пагроза мовам іншым, Што тут гучаць здавён-даўна... I ўсё ж мой кліч, на жаль, не лішні, I шлю яго я нездарма. Таварыш! Хто б ні быў ты родам, Якой ні быў бы ты крыві — Ты лёс звязаў з маім народам, Таму — як сын яго жыві! 1993

Здарэнне

У надзеі, што дагодзіць Цэнтру I яго ў Сталіцу забяруць, Ён рашыў пазбавіцца акцэнту, Што дала ад роду Беларусь, Ён стаяў падоўгу перад люстрам I падкорчваў, падгінаў язык — Каб ніводным гукам беларускім Не праскочыў колішні мужык. I ад злосці стрымліваўся ледзьве: «Хіба я належу да няўмек? Так і выпірае, так і лезе Гэты грубы наскі дыялект! Проста ганьба! Не магу народу Даць узор культуры ў гамане! I чаму, за што па радаводу Гэткі нізкі род дастаўся мне? У кагось дык продак — аргенцінец! Ці ангелец той жа! Ці француз! А ў мяне — бадай цябе дзяцінец! — Ахламон тутэйшы, беларус! Надзяліў гаворкай — злосць і прыкрасць. Хоць не адкрывай на людзях рот! Ды такой учэпістай — не выдраць! Як на полі пырнік ці асот! Так уелася ў нутро бязбожна, Так пусціла ў фібры карані,— Нават кроў змяняй — не дапаможа: Выдасць — хто ты і з якой радні!..» Так аднойчы кляў ён лёс няшчасны I не ўбачыў, як мільгнуўся цень I ў шыкоўны кабінет блішчасты Херувім праз фортку заляцеў. Штосьці мокрае на пераноссе Плюхнула... Ён выцер даланёй I не ўцяміў, што яму з нябёсаў Ад бацькоў «паклон» прынёс анёл. 1993

Не бойся

Перахрысціўшыся ў другую веру, Усё былое крэсліш ты заўзята. I нават Перамогу, як хімеру, Адрынуў і не прызнаеш за свята. Адно цябе яшчэ крыху бянтэжыць, Што бацька твой — Там, у магіле брацкай — Застаўся верны, як байцу належыць, Таму, што клятвай змацаваў салдацкай; I што аднойчы, супачыўшы ў Бозе, Ты з ім спаткаешся, і ён спытае: «Няўжо ты здрадзіў нашай Перамозе — I для цябе яна ўжо не святая?..» Дык ты не бойся гэтага спаткання. Яго не будзе. Бацьку, хоць і грэшны, У светлы рай пусцілі Пётра з Паўлам, Тваю ж душу чакае лёс няўцешны. 1993