Читать «На высокім алтары» онлайн - страница 21

Ніл Гілевіч

Як здароўе, панове?

Вы, што так слёзна гаварылі Пра ўсе няшчасці нашы, А самі ўпотайкі даілі Каровак з чыстай пашы, Каб з малачком не трапіў цэзій У панскае саслоўе,— Скажыце старцу на пратэзе: Як вашае здароўе? А то трывожыцца ён вельмі: Хаця ж бы вы, адпаўшы Ад тога вымя, не самлелі На ўсенароднай пашы. А што вас з рогату затрэсла? Што ён дурны, той старац? Што ўсіх турбот было вам — крэсла Пад вымем пераставіць? О, так! Дурны! Каб быў разумны Стары салдат бязногі — Дык не сядзеў бы з шапкай сумны На плошчы Перамогі. 1993

Мой кароткі адказ

Вы скажаце: я выракся кагосьці? Каго? Фальшывых ідалаў-святош, Якім паверыў некалі?.. Ну што ж, Хай Бог даруе хібы маладосці... Ад той зямлі, дзе маці нарадзіла, Ад тых магіл, дзе прашчуры ляжаць, Ад нівы той, дзе сеяў я, каб жаць, Ад мовы той, што ў цемры мне свяціла,— Не адракаўся і не адракуся! Запомніце: пярэваратнем я Павек не скінуся. Душа мая I ў небе будзе трызніць Беларуссю. 1993

Што я думаў...

Што я думаў, стоячы у чарзе, Пасярод галоўнай самай залы, Покуль гаварылі тыя ўсе, Для каго мы — толькі самазвалы? Для каго дзяржавы Беларусь — Не было, няма і быць не можа... Што я думаў? Я згадаў чамусь Лесвіцу адну, даруй мне Божа. Лёс наш колісь праз яе пралёг... I да жудасці мне ясна стала, Ад чаго ў той лесвічны пралёт Паляцеў стоць галавой Купала. 1993

Перад картай Радзімы

На абрыс Радзімы глянуў зноў — I ўцямрэла неба грамавое! Людзі! Колькі ёсць праклённых слоў У святой і вечнай нашай мове — Я прашу вас: па апошні ўздых, Аж пакуль не прыме дол смяротны — Праклінайце! Праклінайце тых, Хто абрэзаў колісь край наш родны! 1993

За драбніцу

Зноў нас хваляць. I зноў за халуйства. I мы ўдзячна прымаем хвалу. Кажуць: «Будзе вам хлебная луста, Каву будзеце мець і халву. I для кожнае пані — куніцу, I для кожнага пана — аўто. Праўда, возьмем і ў вас мы драбніцу — Возьмем... мову. Дык гэта ж — нішто!..» Брава! Колькі набытку без страты! Мова нам ні к чаму сапраўды, Калі рот будзе справай заняты — Цэлы дзень будзе повен яды. 1993