Читать «Паланэз Агінскага (Лірыка. Паэмы. 1996 – 2002)» онлайн - страница 9

Ніл Гілевіч

АДКЛЮЧАНЫ

Ён сышоў з электрычкі, Спусціўся па сцежцы ў лагчыну I спыніўся чагось. Нібы ўкопаны, стаў і стаіць. Штось забыў? Перадумаў? Ці стала нядобра мужчыну? Задуменна схіліў галаву I пад ногі глядзіць. На зямлі сакавік. Сонца снег ручайкамі свідруе. Вунь як сочацца скрозь, Як імпэтна бягуць і журчаць! Чалавек жа нічога не бачыць, Нічога не чуе. Як сляпы і глухі. На абліччы - няшчасця пячаць. «Як жа ўсё гэта стацца магло? Хто жыццё спанявечыў? Хто й чаму насадзіў - Гэты глум, гэты гвалт, гэты здзек? Хто мне свет збаламуціў - Тады, як расправіўшы плечы, Я ўжо быў уздыхнуў, Што нарэшце і я чалавек?..» Прыдарожныя вербы Кранаюць заспаныя гуслі. Льецца сонца I соснам на ўзлеску душу маладзіць. А на сцежцы стаіць чалавек I, як курыца ў гузік, Атупела глядзіць у нішто, У нікуды глядзіць. 1999, чэрвень

НА МОГЛІЦАХ

Старыя вясковыя могліцы, Дзе ўранку, і днём, і ўначы Сосны з бярозамі моляцца, Вартуючы вечны спачын. Тут, тут, у надзеях на лепшае, I моладзь, і людзі ў гадах, «Дзядам» аддаюць належнае, - На ціха-журботных кладах. Што праўда, журбы тут паменела, Як горад амбітны прыйшоў: На мармур з гранітам заменена Драўляная скруха крыжоў. I як у сталіцы рэч марная – На шыльдах Радзіму шукаць, Так тут на граніце і мармуры Таксама яе не відаць. Ніводнага тэксту, ніводнага – На мове дзядоў, што ў зямлі! У памяць аб родных — не з роднага Пісьмоўніка словы ўзялі. Не родныя словы і мовяцца У дні памінальныя тут... А сосны з бярозамі моляцца За тых, хто ўжо збыўся пакут. 1999, чэрвень