Читать «Паланэз Агінскага (Лірыка. Паэмы. 1996 – 2002)» онлайн - страница 7

Ніл Гілевіч

ПАМЯЦІ Г. Дз. КАРПЕНКІ

У дні, калі так шмат наўкол хлусні, Пачварства, пошласці і мітусні, - Ён жыў сумленна, годна і прыгожа. За што ж ты гэтак пакараў нас, Божа? У дні, калі жыццё трымціць ад страху, Ён баязліва не звярнуў са шляху, Ён мужнасці вялікі меў запас. Чаму ж ты, Божа, ўзяў яго ад нас? У дні, калі жыццё ў бядзе і скрусе, Калі ён так патрэбен Беларусі, Як хворай маці любы родны сын, - За што ж нам, Божа, гэткі боль усім? 06.04.1999

УЖО САМ БОГ СКАЗАЎ

На стыку двух вякоў I двух тысячагоддзяў Гісторыяй самой Наканавана нам – Згадаць наказ дзядоў I, з воляй іх у згодзе, Адбудаваць свой дом I асвяціць свой храм. За тысячу гадоў Мы столькі крыўдаў знеслі, Спазналі столькі бед, Паклалі столькі страт, Што ўжо сам Бог сказаў: «Народзе! Уваскрэсні! I перайнач жыццё На свой уласны лад!» Калі ж і гэты шанц Унусцім мы бяздарна I ў новы ступім век Бязмоўнымі, як скот, - «Няўжо, - спытае Бог, I я браў слова марна? Дык што ж за людзі вы? I што вы за народ?» 1999

СМЕРЦЬ НА НЯМІЗЕ

У краіне, дзе волю дыктуюць фантом і абсурд, смерць людзей на Нямізе - кашмар нечуваны і страшны: ачмурэлы ад піва і спёкі шматтысячны гурт затаптаў на прыступках паўсотні дзяўчатак няшчасных. Так ад бомбаў, ад куль і снарадаў мужчыны не пруць, як ад летняга ліўня з градзінкамі «рыцары» пёрлі - па касцях, па вачах, і па сэрцы тваім, Беларусь, і па крыку - жахлівым, апошнім, застрэлым у горле... Гэта сталася ў дзень памінання, на Тройцу якраз, побач з храмам адным і амаль пад сцяною другога. I выходзіць, што п'яны, кашчунны, дурны свістапляс угнявіў і дзядоў на тым свеце і Духа святога. Ну кажыце, кажыце, айцы, што тут Бог ні прычым, што не боская гэта адплата за грэх святатацтва. Проста збег нечаканых абставін. Але - не прычын. Вінаватых няма, не павінна было гэта стацца... Будуць модлы гучаць, будуць бомкаць журботна званы, будуць слёзы буяць, будуць кветкі цвісці на магілах. Ацалелым жывым будуць сніцца кашмарныя сны. Будзе доўжыцца суджаны лёс - лёс у Бога нямілых. 1999,1 чэрвеня

СНЕГ У ІСТАНБУЛЕ

Не ў ладах мой бог з ісламскім небам – I ад крыўды ледзь я не стагну: Цэлы дзень заносіць мокрым снегам Экзатычны горад Істанбул. Над Басфорам, над Ая-Сафіяй, Над Султан-капе, куды ні глянь – Бы нагнаная чужой стыхіяй, Непаўднёвая вісіць імгла. Тым не менш, хаджу па вулках вузкіх – З думаю: а ці не ўгледжу след, Дзе краса рабыняў беларускіх Завядала, як ад сцюжы цвет. I злятала - ціха, як пялёсткі З белых яблыняў, - на чорны брук, На Басфора стомленыя ўснлёскі, У базарны тлум, у гразь і бруд. Божа! Для чаго за свет няблізкі Гналі іх у гэты край чужы – Ад сяліб, дзе родныя калыскі, Ад магіл, дзе родныя крыжы? I за што так, Госпадзе прамілы, Жорстка пакараны я табой, Што ў любым кутку любой краіны Мне сціскае сэрца памяць-боль? Памяць аб бясконцых нашых муках — З самых даўніх дат і праз вякі... Снег... Залётны снег на вузкіх вулках – Халепны, раскваклы, хлюпаткі. 1999, травень