Читать «Паланэз Агінскага (Лірыка. Паэмы. 1996 – 2002)» онлайн

Ніл Гілевіч

Ніл Гілевіч

ПАЛАНЭЗ АГІНСКАГА

Лірыка. Паэмы.

1996 – 2002

Падрыхтаванае на падставе: Ніл Гілевіч, Паланэз Агінскага: Лірыка. Паэмы. 1996 – 2002 — Маладэчна 2002. — 141 с., Бібліятэчка часопіса «КУФЭРАК Віленшчыны» № 6

Рэдактар: Міхась Казлоўскі

I СПЫТАЕ СУД ВЫСОКІ

Вершы

* * *

Тады, як зямная канчалася цвердзь I сцежка зрывалася ў прорву, у багну – Я нечага іншага, большага прагнуў, Сляпак, я не думаў пра гібель і смерць. А гібель зусім недалёка была. Як здань-невідзімка хадзіла па следу. Куды ні падамся, прыйду ці прыеду – Глядзела-сачыла за мной з-за вугла. Я ж быў неабачны - не знаў засцярог, Даверлівы быў я - не помніў пра злыдняў, I мог бы зрабіцца ахвярай бяскрыўднай... Ды быў нада мною, напэўнае, Бог. Таму і дагэтуль на цвердзі стаю. I рад, калі скажа мне поціск далоні: «Трымайся, таварыш! На родным загоне Яшчэ ты не скончыў работу сваю!..» 1996, чэрвень

* * *

Родная мова! Ты воч не расі! Лёс твой - свабода. Іменна та незалежнасць дасі Духу народа. Ты - чыя веліч, і моц, і краса Толькі ўзыходзяць. Ты - чыя слава наперадзе ўся, У тысячагоддзях. 1997, травень

Я ВАС ЛЮБІЛА

Памяці Ліпы

У дамавіне, ўсланай палатном, Акаймаванай крэпам і мярэжкай, Яна заснула непрабудным сном З ледзь-ледзь прькметнай на губах усмешкай. Яе надзіва маладжавы твар, Без следу мук і без маршчынак жорсткіх, Не страціўшы зямнога хараства, Прыдбаў якойсьці іншай прыгажосці. Высокае адкрытае чало Красою вечнасці ўжо аддавала. I нешта царственнае ў ёй было, I штось ад Маці Боскай праступала. Яе спакойны, чысты, як абраз, Застыглы воблік, перад свечкай з цэрквы, Як быццам гаварыў да ўсіх да нас; «Не плачце!.. Гэта лепш, чым боль нясцерпны. Вы знаеце, як я хацела жыць, Каб радавацца вам - я вас любіла. I каб у Бога літасць заслужыць – Усё, што ўмела, для дабра рабіла. Я дажывала дні свае з мальбой, Каб лёс да вас быў болей літасцівы. I не бяда, калі душы маёй Аднойчы вы не клікнеце ў гасціны. Я не пакрыўджуся... Далёка, там, Дзе ўсё пад знакам вечнага прычасця, Я буду думаць, што напэўна ж вам Бог большай мераю адмераў шчасця». 1997, травень

УМЯШАННЕ Ў ЧУЖУЮ РАЗМОВУ

Ну так, на Парнасе не дзіўнае штось – I графаманы, і фальсіфікатары. I блазны з пароды юродзівых ёсць. I нават, шануючы вас, правакатары. Усякіх хапае. Ды што - графаман Ці блазен? Пашліце іх к чортавай матары – I будуць грымець вам на ўсю глухамань Бясспрэчныя таленты і... правакатары. Па чым іх адрозніць - ці гэны, ці не? Па рэху, што коціцца ўдаль з перакатамі. Так ёсць і так будзе, дзе вечна ў цане Даносчыкі, сышчыкі і правакатары. 1997, жнівень