Читать «Паланэз Агінскага (Лірыка. Паэмы. 1996 – 2002)» онлайн - страница 11

Ніл Гілевіч

АДПОМШЧАННЕ

Як скарыў Ярмак людцоў Сібіры – Мноства розных родаў і плямён, На прасторы, што асвоіў ён, Рынулі з Масквы купцы-праныры. Настаўлялі там факторый безліч, I тубыльцам, каб наладзіць торг, Везлі ўсё, што, зналі, пойдзе ў толк, А найперш - «ваду-агонь» ім везлі. Спойвалі няшчасных паляўнічых I за пляшку «вогненнай вады» Бралі шкурак важкія пуды – Норкі, сабаля, пясца, куніцы... Бралі іх фактычна задарма, Ад чаго імгненна багацелі I шчэ болей багацець хацелі, Бо граніц у корці той няма. А няшчасныя ўсё больш прасілі Даць «ваду-агонь» ім за тавар, I ўсё больш рабілася ахвяр Страшнай немачы, што йшла з Расіі. Так і выкаціла за стагоддзі Іх амаль усіх «вада-агонь». Сёння ж у Расіі ўсе кругом У сівушным топяцца разводдзі. Страшна ўжо на спітых апушчэнцаў I глядзець: што сталася з людзьмі! I няма ратунку, чорт вазьмі! Прапіваюць і душу дашчэнту! Калі Бог сам помсціць - хто ўратуе? ... А ў Сібіры непітушчы люд З-за Амура - лезе ў кожны кут I звяркоў, каб футры мець, гадуе. 2000, снежань

ГЭТЫМ I ГАНАРУСЯ

Як пісаў неаднойчы ў журбе Мой калега Галоўнаму пану-начальніку: Цяжка надгаладзь жыць! Іншы раз на абед — Толькі хлеб Ды «варгола» у чайніку. А каб вершыкі ў стосік сабраць Ды іх кніжачкай выдаць, Хоць тоненькай - Дзе вы бачылі! Тут табе, брат, Дабрадзей нс ўфундуе Грунтоўненька. Праўда, Сябру, надаўна, майму Пашчаслівіла: Дзядзька скапыціўся ў Лондане I як спадчынніку Адпісаў перад смерцю яму Столькі фунтаў, Што муза не будзе галодная. Мне ж не шэнціць: Мой дзядзька-багач, Што за морам жыве I даўно ўжо старэчына, - Штось не хоча душу «выпрагаць» I ўсё копіць і копіць Бліскучае рэчыва. Хоць ты выгукні: «Дзядзечка, мілы, пара! Колькі ж можна капціць? Ты заседзеўся, родненькі! I не ў думках табе, Што паэты з пяра Не жывуць. Кашчанеюць, гаротнікі!..» Ды гукаць я не стану. Хай дзядзька капціць - Хоць да ста. На панэль, як нябога-банкрутачка, Мая муза Не пойдзе вачыма свяціць. Нізавошта! Яна ж у мяне - беларусачка!.. 2000, снежань

МОЖА СТАЦЦА

Можа стацца - і я адыду У сутонь курапацкую I на сыпісты жвір упаду Не ўасобку, а ў брацкую. Дык калі вы мой прах там знайсці – Прыйдзе час - зажадаеце, - Па шырокай крывіцкай касці Вы мяне распазнаеце. 2000