Читать «Паланэз Агінскага (Лірыка. Паэмы. 1996 – 2002)» онлайн - страница 4

Ніл Гілевіч

У НОЧ ПАКУТ

Гасподзь! Чаму й завошта Ты мне даеш «адстаўку» I так караеш жорстка — На дзён маіх астатку? Чаму мне не даеш ты Патрэбнай сілы-моцы, Каб выбавіць дарэшты Душу з грызот бясконцых? Чаму дазволіў д'яблу, Замест дабра з любоўю, Нянавісць і няпраўду Прыставіць к узгалоўю? Чаму ў такім рэжыме Ты гоніш дні і ночы? Як жыць, як жыць, скажы мне, Пад грузам гэткай ношы? Як жыць, калі наўкола, Куды ні кінь вачыма, - Як наркаман на ўколах, Трымаецца Айчына. 1997, снежань

БОЖА, ДАЙ ТЫ ІМ, АСЛЕПЛЫМ...

Як калісь руплівец-прадзед, Для сябе і для сямейкі – Па закону і па праўдзе Я набыў шматок зямелькі. Божа! Свой шматок зямелькі! Свой! Дажыў-такі! Уласны! I хоць ён зусім маленькі – Я пачуўся проста шчасным, I з натхненнем і з ахвотай Я аддаўся працы шчырай, Каб, паліўшы ніўку потам, Ад нуды ўцячы нішчымнай. Каб прыбытак мець за збожжа, Што збяру, засыплю ў клеці, Хоць нарэшце - каб заможна Зажылі: і сам, і дзеці... Ды ўскрыліў мой дух заўчасна: Не даюць мне стаць на ногі – Ні дзяржава, ні начальства, Ні прапойны люд убогі. Ні даверу. Ні падтрмкі. Ні крэдыту. Ні спрыяння. Толькі злосць. Ды Маркса прымхі – Для той злосці апраўдання. Божа, дай ты ім, аслеплым, Вочы ў рукі!.. Бо Іначай – Хто напоўніць духам хлебным Хату Бацькаўшчыны нашай? 1997-1998

НАСАРОГІ

Сыйдзіце! Сыйдзіце З дарогі! З дарогі! Не бачыце хіба? Ідуць насарогі! Асобіны ў цвёрдых, Як панцыры, скурах – Атрада капытных, Разрада панурых. На выгляд - нязграбы, У рухах - няўклюдасць. А ў зрэнках імглістых – Прадонная лютасць. Нястрымнаю сілай — Сляпою, тупою Ідуць па саване Цяжэзнай ступою. Аж жутка - як грузна, Як грозна прастуюць! Наскрозь прадзіравяць! Яшчэ і здратуюць! Таму - сцеражыся, Бяскрыўдны, рахманы, Насельнік саваны, Багамі хаваны. Пакуль ты з іх ласкі Жывы і здаровы – Схініся з дарогі! Схініся з дарогі! 1998, сакавік

ПІШЫЦЕ ДЗЁННІКІ, ПАЭТЫ!

Пішыце дзённікі, паэты! З бясстрашнай фігай у кішэні, Кляйміце ганьбай прайдзісветаў, Што так нахабна расшышэлі! Пішыце, мілыя! I ў скрынку, У стол хавайце іх, каб потым Чытач-нашчадак горда ўскрыкнуў: «Вось быў змагар! Вось быў апостал! Як не цярпеў ён служкаў здрады, Што край прадаць былі гатовы! Якія гнеўныя тырады Абрынуў ён на іх галовы!..» Пішыце! I, каб не спазніцца I не ўпусціць бяздарна шанцу, Хутчэй бяжыце пакланіцца I ў ручку цмокнуць запраданцу. Пасля кульніце дома чарку, I нават дзве - як пад закуску. I гэта будзе - ад пачатку I да канца - па-беларуску. 1997-1998