Читать «Паланэз Агінскага (Лірыка. Паэмы. 1996 – 2002)» онлайн - страница 3

Ніл Гілевіч

НЕ БЯДУЙЦЕ!..

Не бядуйце, настаўнікі мілыя, Што з праграм і падручнікаў школьных Песні-думы паэта праўдзівыя Выдзяўбаюць, як шкоднікаў шкодных. Выдзяўбаюць з той самай нянавісцю, Як калісь, на крывавым прадвесні, Каршуны, што віселі тут навіссю, Выдзяўбалі Купалавы песні. Выдзяўбаюць!.. А хто ж бо заступіцца? Хто падымецца? Хто абароніць? Белы зайчык пад кусцікам туліцца. Звон на вежы знямелай не звоніць. Звон не звоніць... Ды хоць і панылыя Па калдобінах цягнуцца будні – Не бядуйце, настаўнікі мілыя: Шчырым песням не згінуць ад блудні. З тых праграм, што ваююць, як ратнікі, За свабоду — ніякім дэкрэтам Іх не зняць! Калі нават сцярвятнікі Заўтра выдзеўбуць сэрца паэта. 1997, кастрычнік

ЭЛЕГІЯ

Гэтай скрухі мне ўжо не пазбыцца. I не трэба, міласна прашу, На зыходзе дня, пад зараніцай, Усыпляць мне чарамі душу. Я да дна свой келіх выпіць мушу. Мне не страшны ўжо ні яд, ні нож. I калі, нібы кіта на сушу, Лёс на волю выкіне, — ну што ж! Адмаўчуся хоць... Бо ў паняверцы Я не ўмеў разумна памаўчаць. Разрываючы на часткі сэрца, Одум горкі ходзіць па начах. Для чаго, дзеля якой хімеры Нёс я крыж усцяж фальшывых вех? Ашуканы, здраджаны, схварэлы, Як закладнік, дажываю век. Гэтай скрухі мне ўжо не пазбыцца. I не треба, міласна прашу, На зыходзе дня, пад зараніцай, Усыпляць мне чарамі душу. 1997, верасень

НАВОШТА РАДЗІМА ПАЭТУ?

Навошта Радзіма паэту, Адбітая ў кроплі расы? Ён - вольны вандроўнік сусвету. Ён - вечны шукальнік красы. Яго неспатольная мара Не знае ні меж, ні пуцця. Ён - вольных парываў ахвяра, Ён - вечных блуканняў дзіця. Ён ласкай не толькі планету, А й космас увесь апаўе. Навошта ж Радзіма паэту? Каб косці ў ёй скласці свае. 1997, лістапад

ЖЫЦЦЁ

Не стала маці, да якое нёс Душу збалелую - паспавядацца. Не стала бацькі, што прымаў да слёз Прапашчы лёс зямлі і гаспадарства. Не стала брата, што дарадцам быў, Калі ўзнікала клопатнае штосьці. Не стала і сястры, з якой любіў Успомніць песні нашай маладосці. Не стала ўжо і бальшыні сяброў, - Каб пасядзець за чаркай і яшчэ раз Адчуць, што хіжы век нас не развёў I што нам шлях не засланіла шэрасць. Не стала ўжо, прашу мне дараваць, I закаханага ў жыццё паэта, Што так любіў над вершам шчыраваць, Як Усявышні над стварэннем света! Таго паэта ўжо мяма. Няма! А сноўдае сярод руін былога Яго двайнік. Не сільцеся дарма Пазнаць у ім свайго братка старога. 1997, снежань