Читать «Незалежнасьць» онлайн - страница 5

Ніл Гілевіч

* * *

Які ганебны пераход Ад велічы і чыннасьці — Да чорнай роспачы згрызот, Да нэндзы і нішчымнасьці. Хлусілі з пэўнасьцю такой — Што ў рот глядзелі многія. Цяпер — з працягнутай рукой Стаім, як старцы ўбогія. Жывём-жуём — куды ўжо горш! Любому рады донару, Як бы няма ў нас ні на грош Ні годнасьці, ні гонару. Куды ні глянь — разбой і гвалт, Разгул драпежнай хцівасьці, Апораў людскасьці абвал, Агонія цярплівасьці. Дык што ж мы, братцы, за народ? Што з намі ў сьвеце сталася? Калі пазбудземся нягод? Паўстанем з заняпаласьці? 1991, сакавік

* * *

Кажаш: годзе, годзе ў вершах публіцыстыкі. Годзе кіпнем палемічным поўніць словы. Хай там ладзяць баль газетныя нячысьцікі, А ў паэтаў — час адхланьня вечаровы. Час памарыць, адпачыць, пільней прыгледзіцца Да зіхоткіх, вечных зор над галавою. Мо з каўша свайго Вялікая Мядзьведзіца На душу ліне касьмічнага спакою, — I адыдуць, адпадуць усе надзённыя I трывогі, і турботы, і згрызоты... Ах, мой братка! Хоць паэты — людзі цёмныя I далёка не глядзяць за гарызонты, — А не могуць во сядзець маўкліва-стоена — Так, як мыш пад памялом, што і не шасьне... Ты даруй ім: гэта ў іх ад продкаў-воінаў Кроў такая — не мышыная, на шчасьце. 1991, сакавік

ПАЛЕМІЧНАЕ

Васпан! Здаецца, вы, хоць і не храбра, Праўдзе служылі ў былыя гады? Што ж вы мяняеце Бога на д'ябла, Не прадчуваючы ўласнай бяды? Д'ябал на тое і д'ябал, што здольны Думкі заблытаць і крылы зьвязаць. Д'яблу паверыўшы, вернік не вольны Шчырае слова народу сказаць. Д'ябал падмовіць і вас адракчыся Ад векавечных народных сьвятынь, Як адракліся ўжо тысячы тысяч, Моўчкі змірыўшыся з лёсам пустым. Што ж прымушае вас гэтак заядла I безразважліва кідацца ў бой Не за гаротніка-брата — за д'ябла З хітрай ухмылкаю, з сытай губой? Люду сумленнаму жыць на радзіме Горай і горай. Народ — у бядзе! Дзе ж вы шукаеце голас праўдзівы? Брацкую вернасць шукаеце дзе? Вы — за свабоду? Чыю і якую? Тую, што здымуць нам з меркі чужой? Знайце ж: зарана нячысьцік сьвяткуе Верх-перамогу над нашай душой! Знайце: жывучы народ наш і з пекла Выйдзе і ўзвысіць свой полымны дух! Ну, а паколькі душа ў вас асьлепла — Вашых у гэтым не будзе заслуг. 1991, сакавік