Читать «Незалежнасьць» онлайн - страница 7

Ніл Гілевіч

ПА ДАРОЗЕ Ў РАЙ

Біце ў ладкі, прастакі! Пляскайце! Пляскайце! Вам пякуцца праснакі У маселцы, маселцы! I пантофлі без чаргі Купяцца, купяцца — Хай адно хутчэй мазгі Тупяцца, тупяцца! Хцівец скача, як вар'ят, З радасьці, з радасьці, Што вам сыпе ў душы яд Здраднасьці, здраднасьці. Напляваць яму на грэх, Белячы,белячы Тыя грошы, што нагрэб Безьлічы, безьлічы. Краў ён вашу працу-плён — З думаю, з думаю, Што і ўладу купіць ён Сумаю, сумаю. А тады, ліхвяр і хам, Спрытненька, спрытненька На галовы сядзе вам З прысьмехам, з прысьмехам. Загадае везьці ў рай — Рыначны, рыначны, У бяздоньне родны край Зрынуўшы, зрынуўшы. Вам аздобіць лёс такі Пляшкаю, пляшкаю... Дык шчыруйце, прастакі: Пляскайце! Пляскайце! 1991, ліпень

* * *

Дык як жа будзем жыць, Мой мілы пане-браце? Ці так, як набяжыць, Ці — спадарамі ў хаце? На імпартных мазгах I завазной маралі, Ці — з верай, што ў вяках Для нас дзяды стваралі? 1991, жнівень

АПОШНІЯ

Яны выходзяць на прасьпект зялёны — Пры ордэнах і медалях нацёртых... I кажа мне іх позірк засьлязёны; «Так, мы ідзем да нашых брацьцяў мёртвых. Мы — з той вайны. Мы чэсна ваявалі. Хай не героі, ды спазналі мукі. Зашто ж вы нам у душы наплявалі — Вы, нашы дзеці родныя і ўнукі?..» 1991, жнівень

* * *

У беспрасьветны час Зьнявер'я і шаленства, Калі цяжар абраз Гняце душу з маленства, — Паверыць лёгка ў зло, А вы ў дабро паверце! Абразы не было — I па найстрогай мерцы, Душы сваёй крыло Даю на адсячэньне: Абразы не было Для сьвята адраджэньня! Абразы не было. Адкуль жа столькі гневу? Пакуль не адняло — Цягну далоні к небу. Пасьведчы, Бацька Бог: Хоць і круты не ў меру — Абразіць я не мог Сваю любоў і веру. Абразы не было. Калі няпраўда гэта — Хай тут жа стлее ў тло Зямны пасад паэта! Пабеліць стынь чало I цені ў зрэнках згуснуць — «Абразы не было...» — Нячутна сыдзе з вуснаў. 1991, верасень