Читать «Незалежнасьць» онлайн - страница 3

Ніл Гілевіч

* * *

Я не знаю, што ў нас будзе Ні праз месяц, ні праз год. Абясхрэсьціліся людзі. Абязбожыўся народ. Распадаецца грамадства. Скрэпы трэскаюцца скрозь. Згода-еднасьць — толькі маска, Пад якой — нянавісьць-злосьць. Праўда ходзіць белай зданьню Па руінах дзён былых. Ці падымецца, ці ўстане Наша доля з грудаў тых? Ці ў хлусьні, зладзействе, блудзе Будуць весьці ўсё на звод — Абясхрэшчаныя людзі, Абязбожаны народ? 1990, лістапад

* * *

Не падбівай. Не падбухторвай. Дарма шчыруеш. Я не з тых, Што краю роднаму над прорвай Самазабойча б'юць пад дых. Табе — павек не будзе веры. Не спадзявайся. Не чакай. Ты ўпотай молішся хімеры, А мне мой Бог — Бацькоўскі край. Я не забыў: калі ад болю За лёс ягоны я крычаў — Ты шанаваў чужую волю I, падуладны ёй, маўчаў. Калі дыханьне мне і мову Перацінаў дзікун-сатрап — Ты не ішоў мне на падмогу, Ты на душу не браў затрат. Таму — не снуй перад вачыма. Не корчы міну. Не прасі. Прадаўшы ўсё, што ёсьць Айчына, Мяне сто раз ты прадасі. 1990, лістапад

ГРАМАДЗЯНЕ, СПЯШАЙЦЕСЯ!

Грамадзяне, спяшайцеся, — Найспрыяльныя фактары маюцца, Каб душу даражэй запрадаць, Покуль цэны на рынку трымаюцца! Каб рукі пагрэць залацей На горы-няшчасьці людзей. Грамадзяне, спяінайцеся, Не ўпусьціце выдатнай магчымасьці — Каб гразёю абхляпаць таго, Хто жыве па сумленьню і шчырасьці! Каб нож садануць у сьпіну Найблізкаму сябру свайму. Грамадзяне, спяшайцеся, — Шанцу лепшага можа не выпасьці, Каб з уласнае скуры сваёй, Як лінючая гадзіна, выпаўзьці! Каб Тую, што кляўся любіць, Ядавітаю сьлінай забіць. 1990, лістапад

У РОДНЫМ ГОРАДЗЕ

Хаджу па вуліцы Грамілы, Што цягам доўгіх страшных год Граміў і плюндрыў, колькі сілы, Усё, чым славен наш народ. А ты, мой прашчур, творца мудры, Чыя магіла дзесьці ў тундры, — Твайго забытага імя У родным горадзе няма. Хаджу па вуліцы Няздары, Што меў і здольнасьці аднак: Пакуль народ аб шчасьці марыў — Ён краў з казны і жыў усмак. А ты, мой продак ясначолы, Чый дар народу — незьлічоны, — Твайго забытага імя У родным горадзе няма. Хаджу па плошчы Баязьліўца, Што меў за Бога вечны страх — Каб толькі з крэсла не зваліцца I не разьбіць кар'еру ў прах. А ты, мой продак, вой бясстрашны, У Курапацкім доле спрахлы, — Твайго забытага імя У гордным горадзе няма. 1990, лістапад