Читать «Незалежнасьць» онлайн - страница 6

Ніл Гілевіч

ЦІ АЧНЕМСЯ?

Чужое, разбойнае, хамскае Гвалтуе, дратуе, таўчэ, А роднае, свойскае, наскае Бязмоўна ярмо валачэ. Пачварнае, дзікае, жорсткае Крычыць, верашчыць і трашчыць, А добрае, людскае, боскае Замоўкла і цяжка маўчыць. Бяздарнае, брыдкае, бруднае Сквярэцца, дзярэцца, хрыпіць, А чыстае, сьветлае, мудрае Няйначай заснула і спіць. Дык, можа, ачнёмся, таварышы? Апомнімся, братцы-сябры? Ці будзем, аб вольнасьці марачы, Канаць на бацькоўскім двары? 1991, сакавік

ЗДАНЬНЁ НА БАЦЬКАУШЧЫНЕ

З Краснай горкі сьвятой, Як раней яна звалася, Я гляджу на лясы, Што не бачыў даўно: I на той, Адкуль сонца заўсёды ўздымалася, I на той, За які асядала яно. Я гляджу — I аж сэрца шчымліва заходзіцца — Да таго дарагія і любыя мне Нашы далі лясныя... Ах, чую, народзіцца Зараз песьня ў душы — Весьняй хваляй памкне! Нават вейкі прымружыў На хвілю якуюсьці — Як ад чараў... I раптам, нібыта праз сон, Страшны голас нялюдскі скрыгоча: «Любуешся? Ну, любуйся, любуйся, Душа з цябе вон! Пэўна, думаеш: Вось яна, спадчына вечная! I ты вечны насьледнік яе, валадар. А мяне — I ў разьлік не бярэш, недарэчына? Ну, дык ведай: Не ты тут, а я — гаспадар! А ў мяне Ёсць стальныя, масіўныя ськівіцы I ёсць чэрава-прорва, Якое не ўняць: Зьем усё тут, усё! Не прасі зьлітасьцівіцца — Схрабашчу ўсе лясы, Што наўкола стаяць! I дубровы-гаі, I бярэзьнікі-ельнікі — Да апошняга дрэўца — Суздром сьцераблю! Зьнішчу ўсё, Каб нашчадкі твае, пераемнікі, Мёртвай пусткай убачылі Гэту зямлю!..» Жах мяне скалануў. Азіраюся: «Хто гэта?» «Га-га-га!» — Рагатнула нябачная здань. Навакол — ні душы. Рэха страшнага рогату 3 Краснай горкі сьвятой Доўга коціцца ўдаль. 1991, сакавік

КРУМКАЧ

Ізноў, як калісьці, Мне каркае чорны крумкач: Давеку не выйсьці Табе з гістарычных няўдач! Куды ні паткнуся — Усюды наб'ю сабе гуз: Няма Беларусі! Няма і цябе, беларус! Куды ты ўсё прэшся? Свой лёс ты між двух выбірай: Ці «ўсходнія крэсы» — Ці «северо-западный край». Дай дзякуй, сярмяжка, Што знаеш сяўбу ды жніво. Калі ж табе цяжка — Пахліпай сабе ў рукаво! На гэта ты здатны — На вечную скаргу і плач... ЗамоўкнІ, бяздарны! Не будзе па-твойму, крумкач! Я хліпаць не стану! Я прагай зьдзяйсьненьня жыву. Найперш — у пашану — Табе я скручу галаву. Каб гнюсна не каркаў, Каб тут, дзе Купала хадзіў, Рабоў-недавяркаў Агіднай хлусьнёй не пладзіў. Тут праўда і вера З нябыту ўваскрэснуць навек. I мэтай і мерай Тут будзе ва ўсім — Чалавек. 1991, красавік