Читать «Незалежнасьць» онлайн - страница 4

Ніл Гілевіч

НАЙСТРАШНЫ ГРЭХ

Маё горкае пасланьне

беларусу, які...

Чалавеча! Ты, знаю, патомны жыхар Беларусі. Як і я — не сьвяты, Грэх не раз на душу сваю ўзяў. Можа, нават і вельмі вялікі. Судзіць не бяруся. Ну, дапусьцім, народу ў няшчасьці Няпраўду казаў. Грэшны — кайся і мучайся, Грэх аж да сьмерці замольвай. Грэх твой страшны, Аднак і страшнейшы нашмат існуе, Калі моваю гэтай зямлі — Беларускаю мовай На людзях, Прынародна Спаганіш ты вусны свае! Гэта будзе жахліва! Страшней, Чым любое злачынства, За якое карае Вышэйшаю караю суд. Будуць бэсьціць і кпіць: Во няздара! Не змог навучыцца Гаварыць «языком»! Во тупіца! Вясковы хамут! Горшай ганьбы, чым гэта, Не мецьмеш павек, чалавеча! А таму — Як захочаш грашы: Поп замоліць пазьней. Толькі вусны свае Гэтай мовай гутэйшай, Адвечнай — Не спагань! «Даже словом одним Осквернить не посмей!» 1990, лістапад

Б’ЮЦЬ У СЭРЦА...

Б'юць і б'юць у сэрца цяжкія сігналы. Вось яшчэ адзін: на людным сходзе бурным Дэлегаты шумам-плясканьнем сагналі Знакамітага вучонага з трыбуны. Брава, брава змагарам-адзінаверцам! Ну, а што ж іх даняло ў яго прамове? А ўсяго, што слова шчырае ад сэрца Ён пачаў казаць на нашай роднай мове. Будзе праўнукам чытаць да болю крыўдна, Як іх прадзеды, юродзівыя блазны, Мову родную з палаца гналі крыкам, За мундзір прадаўшы гонар свой уласны. А цябе прашу, таварыш і паплечнік: Пасьміхніся з іх часовай перамогі, Дарастуць патроху ўсе да чалавечных Дум і спраў — без іх няма ў жыцьця дарогі. 1990, лістапад

* * *

У век рэнегацтва І гібельнай здрады, калі Зрываюцца душы, Не справіўшыся з ачмурэньнем, Шчасьлівая доля — Трымацца бацькоўскай зямлі, Як дрэва карэньнем! 1991, студзень

ШТО Ж ЦЯПЕР?

Пра душу успомнілі, панове? Што вы хочаце з яе спытаць — Вамі ж, вамі, душ уладарамі, Безьліч раз цынічна згвалтаванай, Збэшчанай, растурзанай, зьнявечанай, Змучанай, прыбітай, здратаванай, Між хлусьнёй і праўдаю раздвоенай, А нарэшце і расчвартаванай На крыжы... О, так, на тым жа самым... Што ж цяпер вам тэрба ад яе, Што нарэшце ўспомнілі? Панове? 1991, люты