Читать «Незалежнасьць» онлайн - страница 2

Ніл Гілевіч

ПЫТАНЬНЕ

Хаджу па чужыне, гляджу на людцоў, На іхняе з Богам вітаньне — I зноў працінаюся болем, і зноў Душу мне сьвідруе пытаньне: Як доўга яшчэ будзе ў нас у вачах I ў кожным штрыху чалавечым — Наш, пройдзены намі, пакутлівы шлях. Наш сум па няспраўджаным нечым? 1989, травень

ТРЫВАЙМА, БРАТЫ!

Нас могуць Зьневажаць І абражаць, Нас могуць Не любіць і ненавідзець, Але мы мусім Цьвёрда помніць-знаць: У нас ёсць Нёман, І Дзьвіна, I Прыпяць. Нас могуць Чорным брудам паліваць. Культываваць бяспамяцтва, Бяспраўе, Але мы мусім Цьвёрда помніць-знаць: У нас ёсць Полацк, Тураў I Заслаўе. Нас могуць Ачмураць і падкупляць, Штодзень даваць Цацанкі-абяцанкі, Але мы мусім Цьвёрда помніць-знаць Наказ Франьцішка, Кастуся I Янкі. Нас могуць біць — Аж да крывавых слёз, Каб лёкаяў зрабіць З ахвяраў зьдзеку, Але мы мусім Адстаяць свой лёс, Каб ён для нас Шчасьлівы быў давеку. Таму — Трывайма, любыя браты! Трывайма й верыма: Нішто не спляміць I не асіліць нашай праваты, I нам яшчэ паслужыць Наша памяць! 1989, чэрвень

ПРА НАШУ ГОДНАСЬЦЬ

Што праўда, То праўда — Даўно гэта стала: Віхляньня — багата, А годнасьці — мала. Багата юродства, Блюзьнерства, Крыўляньня, А мова народа — На грані скананьня. Таму і цямнеем, Чарнеем ад злосьці. Аж хочацца нават Ударыць кагосьці. Каго — зразумела, Ды чорт яго знае Чым кончыцца можа Адвага такая! І што ж тады робім У злосьці і скрусе Мы — існыя родам Сыны Беларусі? Што — робім? А б'ём-дабіваем заўзята Свайго Недабітага злыднямі Брата. У гэтым — і мужнасьць, I мудрасьць, I годнасьць, I нашага гора-гібеньня Нязводнасьць. 1989, лістапад