Читать «Вячэра манекенаў» онлайн - страница 79

Раіса Баравікова

I міліцыянер чамусьці зазлаваў.

— Я не разумею, чаго вы баіцеся? — не хаваў ён сваёй раздражнёнасці.— Ага-а, зачынілі акно! Ага-а, у хлопца пераломы! Дык вы ж бараніліся! Адно, вам трэба было ў той жа момант пазваніць у міліцыю. Тады яшчэ ноччу злавілі б i таго, другога, які, як толькі гэты сарваўся, адразу ўцёк. Дзе тут у вас можна сесці? — запытаўся ён.— Вам трэба напісаць заяву.

— Якую яшчэ заяву? — здзівілася Ліда,— Што я магу вам напісаць, калі я нічога не бачыла!

I міліцыянер махнуу рукой:

— Як хочаце! Я ўсяго толькі ўчастковы інспектар. Няхай з усім гэтым разбіраецца следства. А як вы думалі? — сказаў ён праз паўзу,— Вас абавязкова выклічуць як пацярпелую.

I ўжо потым, калі міліцыянер пайшоў, Ліда думала: «А якая ж я пацярпелая? Калі гэта сапраўды так было, дык пацярпелы той падлетак. Гэта ж ён ляжыць у бальніцы i ў яго нейкія там пераломы». I думкі перакідваліся на іншае: «Ну, а што было б, каб не той раптоўны скразняк?! Проста звар'яцець можна! Падлетак улез бы ў акно... Я, вядома, крычала б, клікала б на дапамогу, усяляк баранілася б! Але калі ў яго быў газавы пісталет, ён, напэўна, страляў бы... I што пасля?! Яна ляжала б тут непрытомная. A калі прыйшла б да памяці, яе маглі б нават забіць. I з-за чаго? Што ў ix тут ёсць красці? Божачкі, у што ператварыўся гэты шалёны свет?!» I Ліда адчула сябе страшэнна няшчаснай: «Навошта толькі i ехала ў Мінск? Атрымліваецца, што ва ўсім вінаваты Андрэй. Калі б не гэтае спатканне, якое так i не адбылося, калі б яны не дамаўляліся, нічога б гэтага i не здарылася. I самае лепшае цяпер — як мага хутчэй вярнуцца на Нарач i там пра ўсё расказаць мужу...» Гэтыя ейныя думкі перапыніў тэлефонны званок. Ліда адразу вызначыла, што гэта «міжгорад», можа, якраз муж з сынам i звоняць ёй, але, калі падняла трубку, па знала голас стрыечнага брата.

— Ну, што вы там, вярнуліся ўжо? — запытаўся Васіль,— Як адпачылі?

— Пеця з Міколкам яшчэ на Нарачы,— адказала Ліда.— А тут узніклі праблемы... Нас залілі,— дадала няўпэўнена,— Я таксама яшчэ вярнуся туды. Пуцёўкі ў нас да семнаццатага...

— Вунь як!.. А я быў у Мінску,— сказаў стрыечны.— Ты ж ведаеш. Добра, што якраз натрапіў на тваю суседку, вось i пакінуў мяшок.— Васіль памаўчаў — Ну, дык што яна табе там напісала? Мне, прызнацца, надта ж хацелася разарваць канверт, але падумалі, што яшчэ нябожчыца крыўдаваць будзе. Начамі сніцца пачне.

— Які канверт? — не адразу зразумела Ліда.

— A хіба ты не знайшла ліст, які напісала табе баба Маня? Мы яго адшукалі, i я паклаў яго ў мех, заткнуў за рамку люстэрка.

I Ліда адразу забылася на ўсё, што адбывалася гэтай раніцай: i на прыход міліцыянера, i на падлетка, які хацеў яе абакрасці, i на злашчаснае акно... «Сапраўды, што магла напісаць бабуля Маня ёй, Лідзе, у сваім апошнім лісце?!» Пра гэта думала Ліда неаднойчы адразу пасля пахавання. I вось той лiст знайшоўся i ляжыць цяпер у мяшку ў вітальні, а яна ж учора й думала, што, як толькі прачнецца, адразу разбярэ тыя рэчы. I Ліда начала паспешліва развітвацца ca стрыечным братам.