Читать «Вячэра манекенаў» онлайн

Раіса Баравікова

Раіса Баравікова

Вячэра манекенаў

Апавяданні

Падрыхтаванае на падставе: Баравікова P., Вячэра манекенаў: Апавяданні / Раіса Баравікова,— Мн.: Маст. літ, 2002.— 186 с.

Рэдактар Л. I. Каўрус

ГАЛЬШАНСКІ ТРОХКУТНІК

Да пяцідзесяцігадовага юбілею прафесара Пінчука рыхтаваліся ўсёй нашай кафедрай радыётэхнічных сістэм. I вось на табе, лічы, ніякага юбілею не адбылося. Невялікай кампаніяй сядзім у прафесарскай кватэры, i стравы на стале не надта каб, i настрой, адпаведна, не на вышыні, ды i сам прафесар... Не тое каб нечым прыгнечаны, але не такі, якім прывыклі мы яго бачыць. Як кажуць, бы не ў сваёй талерцы. Праўда, усё на свеце нашым грэшным можна вытлумачыць, ва ўсялякім выпадку, многае. I прафесарскі настрой таксама паддаецца тлумачэнню. Жонка, Кацярына Пятроўна, за некалькі дзён да юбілею трапіла ў бальніцу, нейкі надзвычай моцны нервовы стрэс. Ужо дарослыя дзеці, сын i дачка, раптоўна некуды з'ехалі. I застаўся наш Пінчук адзін у гэтай даволі сціплай кватэры i з яшчэ больш сціплым юбілейным сталом. Вядома, мы, ягоныя супрацоўнікі, разлічвалі на рэстаран, a Пінчук, як цяпер выявілася, увогуле не збіраўся рабіць застолля, прымаць віншаванні i ўсё астатняе...

— Ды кінь ты, Адам Нічыпаравіч, ці ж табе зашкодзіць наш «Браўн»,— у нейкі момант сказаў мой муж.— Ты ж во, падобна, галіцца развучыўся, увесь твар падрапаны.

I ўсе, хто сядзеў за сталом, а нас было некалькі сямейных пар, засмяяліся. Прафесарскі твар чырванеў глыбокімі драпінамі, якія той-сёй у думках імгненна звязаў з нервовым стрэсам ягонай жонкі. Ці не падрапала гэта прафесара шаноўная Кацярына Пятроўна? Пінчук жа памацаў драгііны i сказаў задумліва:

— Не, Павел... Галіцца я не развучыўся i пра браўнаўскую электрабрытву даўно марыў дзякуй табе. А вось гэта...— ён усё не адводзіў руку ад твару.— След адной нядаўняй начы.

Ага-а... Мой Паша падміргнуў дацэнту Кумковічу:

— Дык ты, Адам Нічыпаравіч, аказваецца, укруціўся ў нейкія далікатныя начныя прыгоды!

— Якія абярнуліся выключным недалікацтвам,— ажно папярхнуўся тонкім фальцэтам аспірант Глушэц, якійсьці далёкі сваяк прафесара.

Узнікла паўза. Сам жа Адам Нічыпаравіч ніяк не адрэагаваў на гэты фальцэт, зноў задумаўся, потым паглядзеў на Глушца.

— Ты, Віця, у свайго сябрука Косці Пракопчыка папытайся. Ён табе раскажа і пра мае драпіны, і яшчэ пра тое-сёе. Адным словам, даўся мне гэты твой Пракопчык!

— Чаму мой? — жыва адазваўся Глушэц.— Ён жа ваш аспірант! Вы ж не са мною, з ім носіцеся, вось i ўлезлі некуды! I калі ўжо ўсчалася такая гаворка, калі заінтрыгавалі ўсіх нас сваімі драпінамі, дык i расказалі б... Пракопчык у Гальшанах сваіх сядзіць, а вы тут!

— Сапраўды, дзякуй Богу, я тут,— неяк разгублена сказаў прафесар i потым нечакана ахвотна, нібы толькі чакаў гэтага моманту, без перадыху пачаў расказваць, што ў ix здарылася з Пракопчыкам, i мы не паверылі ніводнаму ягонаму слову. Ba ўсялякім выпадку, паверыць у пачутае было немагчыма, хоць прафесар расказваў вельмі праўдзіва.

— Пракопчык не даваў мне спакою дзесьці з год,— пачаў Адам Нічыпаравіч,— Ён, ці бачыце, анамалію пад Гальшанамі адкрыў! Штосьці накшталт Бермудскага трохкутніка ці яшчэ якога д'ябла! Адным словам, выявіў ён там анамальны паветраны слуп, у якім няма нічога... Выключна нічога! Гіпермёртвая зона. Гола, пуста, ніякіх табе электрамагнітных хваляў... Пракопчык i так i гэтак да мяне падступаўся. Усе пераконваў, запрашаў паехаць у Галыианы, на свае вочы ўбачыць, што да чаго. I вось з тыдзень таму я здаўся! Падумаў а чаму б i не? Такая слынная мясціна на Беларусі. У адкрыццё Пракопчыкава, вядома, не надта верыў, а вось Караткевіча чытаў. Запомніўся ягоны «Чорны замак Альшанскі», ды i ўвогуле Пракопчык усяляк тымі мясцінамі выхваляўся. Маўляў там i славугы касцёл Іаана Хрысціцеля, i кляштар францысканцаў, i мясцовы музей. А што да наваколля, дык мала таго, што ўсё гісторыяй, старажытнасцю дыхае, дык яшчэ, каб толькі талент, што ні паваротка, што ні лугавіна, бяры пэндзаль i малюй... A галоўнае, тая ж анамалія, адным словам, добрая зачэпка. I Пракопчыка, думаю, уважу, i адпачну колькі дзён, а пасля ўжо ўкручуся ў юбілейныя клопаты.