Читать «Вячэра манекенаў» онлайн - страница 78

Раіса Баравікова

A раніцай яе пабудзіў званок. Хтосьці настойліва званіў у дзверы, i гэта быў не Андрэй, пра якога было адразу падумалася. У яго не было звычкі прыязджаць да яе, калі яны папярэдне не дамаўляліся. Дык, можа, хто з суседзяў?! Адчыніла дзверы i не магла паверыць вачам: перад ею стаяў чалавек у міліцэйскай форме. «Напэўна, памыліўся пад'ездам ці дзвярамі»,— прамільгнула думка, a ўслых запыталася:

— Вам каго? Што здарылася?

— А гэта я павінен у вас запытацца, што тут адбылося?

I міліцыянер зайшоў у кватэру, i ўсё, пра што ён казаў пасля, Лідзе здалося неверагодным сном, сапраўдным абсурдам.

Яны ўжо стаялі ля таго самага акна, якое зачыніў скразняк учарашнім вечарам, i міліцыянер даводзіў ёй:

— Ну, a шпінгалет?! Вы ж самі бачыце, акно на шпінгалет зачынена. Дык што ж такое атрымліваецца? — пытаўся ён у яе,— Як гэта вы нават не падыходзілі да акна? Хто ж мог зачыніць яго?

I Ліда не ведала, што яму адказваць. Нават болей, яна ўсё яшчэ ніяк не магла паверыць у тое, пра што расказваў ёй гэты маладзенькі лейтэнанцік, ну, a шпінгалет...

— Ён сам саскочыў,— сказала Ліда,— Рама зачынілася з такім гучным трэскам, раптоўна... Я нават прыўзнялася з канапы, але, далібог жа, нічога не бачыла.

— Няпраўда! Быць такога не можа! — не верыў ёй міліцыянер. Ён разглядваў шпінгалет, зачыняў i расчыняў акно, выглядваў у двор.— Ну няхай сабе вы ляжалі на канапе... А потым убачылі рукі, хтосьці ўчапіўся за падаконнік. I вы ўсё зразумелі i, дзякуй Богу, не разгубіліся ў той момант. Ускочылі, падбеглі да акна i з размаху зачынілі раму! Смаркач i сарваўся... Ад болю разняў рукі... Ён сам усё расказаў доктару, нам i патэлефанавалі... Я ўжо быў у яго ў бальніцы, ён мне i адрас ваш назваў.

— Я не ведаю, што ён там расказваў— адчайвалася Ліда,— але я сапраўды нічога не бачыла. Мяне хацелі абакрасці, да мяне ў акно лез нейкі падлетак, у кішэні ягонай курткі быў газавы пісталет, а я нават шоргату ніякага не чула? Не! Не-е! Акно зачынілася, i ўсё! Я падумала пра скразняк.