Читать «Вячэра манекенаў» онлайн - страница 81

Раіса Баравікова

I Ліда падышла да таго акна, расчыніла яго, падняла шпінгалет i з сілаю зачыніла раму. Шпінгалет не саскочыў уніз. Ён увогуле быў даволі тугім, значыцца, ён i ўчарашнім вечарам не мог саскочыць сам па сабе. Яна затаіла дыханне... Тады атрымліваецца, што ў яе сапраўды ёсць Анёл-Ахоўнік. У такім разе i тое, што піша бабуля пра Геніка, таксама можа быць праўдаю. Дык чаго ж яна марудзіць?! ёй трэба сабрацца i ехаць да маці. Гэта ж зусім. недалёка ад Мінска. За паўтары гадзіны яна даедзе да гарадскога пасёлка, а там нейкіх восем кіламетраў да іхняй Ніцаўкі. I ўжо дзесьці ля абеду яна будзе ў бацькоў. Маці сама прачытае гэты бабулін ліст, яна ж так шкадавала тады, што яго ніяк не маглі знайсці. I Ліда раскажа ёй, як ix хацелі абакрасці...

Ну, вядома, ей трэба зараз жа i паехаць. I яна выйшла на кухню, падумала, што яшчэ вып'е кавы... Зірнула на сцяну, дзе вісеў насценны каляндар, i ўся сцялася: нядзеля, адзінаццатага ліпеня! Той самы дзень, пра які згадвае бабуля. Як жа гэта яна забылася?! Учора ж адрывала лісткі з гэтага календара. Адарвала i ўчарашнюю суботу, а нядзелю пакінула. Паглядзела на гадзіннік: ды якое там ля абеду?! Яна можа быць у бацькоў i пад вечар, гэта — як ёй пашанцуе з аўтобусамі. «А мо гэта ўсё i няпраўда? — мільганула думка.— Бабулі ўявілася штосьці... падчас летаргічнага сну. A калі праўда? Тады ёй трэба тэрмінова патэлефанаваць аграномцы Галі, што жыве праз дзве хаты ад бацькоў, i папрасіць Галю, каб паклікала да тэлефона маці... Яна i раскажа ёй пра бабулін ліст i пра тое, што піша бабуля пра Геніка». I Ліда пайшла да тэлефона...

— Дык у вас жа дома нікога няма,— адказала ёй Галя.— Бацька твой на досвітку у дровы падаўся, каня у лясніцтве яшчэ звечара ўзяў, з ім i маці паехала. Тут жа ў нас чарніцы ўвесь лес засыпалі, дык хоча ягад набраць,

— Ну, a Генік? — запыталася Ліда.

— Ён з вядром, бачыла, ішоў мо з гадзіну назад... Напэўна, на возера з хлопцамі рушыў. Яны там усё ракаў ловяць.

I ў Ліды ўсё абамлела... Кінула трубку, чамусьці зноў узяла бабулін ліст, прабегла вачамі: «...Хай яна не адпускае Геніка на возера адзінаццатага ліпеня, таму што можа здарыцца бяда». A Генік пайшоў на возера, i яна не змагла, не паспела папярэдзіць маці! I Ліда склала на грудзях рукі. Яна нічога іншага не магла прыдумаць, як звярнуцца да свайго Анёла-Ахоўніка.