Читать «Вячэра манекенаў» онлайн - страница 76

Раіса Баравікова

I міжволі хапаюся за парэнчу. У галаве бы ўдарыла болем: «Спілберг смяецца» заварушылася там... Бог мой, зноў два «С», няўжо зноў нейкая назва?! Але далей за гэта не пайшло. Ніякага сюжэта ў мяне не з'явілася. I, далібог жа, хутка ўся гэтая гісторыя з аўтографам Стывена Спілберга, як ні дзіўна, забылася.

Але калі надышоў кастрычнік, поўны дажджу i шалёнага ветру, калі неяк зусім нечакана ўдарыў першы зазімак i ў адначассе каштаны ля ганка нашага дома скінулі сваё шырокае, пышнае лісце, з Чыкага патэлефанаваў дзядзька Саша.

— Ну, што там з усімі вамі здарылася? Дзе вы прапалі? Куды падзяваліся? Ніяк не магу датэлефанавацца...

— А што такое, дзядзьку?

— Нічога асаблівага... Проста тут усіх нас замучвае Спілберг. Хоць ты куды хавайся! Дастае немагчыма... Уяві, ён хоча мець у сябе твой аўтограф!..

1999

АНЁЛ-АХОЎНІК

Яны сустрэліся, як i дамаўляліся, познім вечарам i цяпер стаялі недалёка ад лавачкі, раз-пораз пазіраючы на расчыненае акно на другім паверсе.

— A калі яна будзе якраз у гэтым пакоі? — папытаўся пятнаццацігадовы Юрка ў свайго сябрука-аднагодка Вадзіма,— Яна ж не будзе маўчаць, адразу падніме крык.

— Вядома, таму я i ўзяў братаў газавы пісталет. На-а, бяры, ён спатрэбіцца ў любым выпадку. Яе ўсё роўна давядзецца адключаць. Потым адразу адчыніш уваходныя дзверы, я ўжо буду стаяць на лесвічнай пляцоўцы. Толькі добра ўчапіся за падаконнік.

Юрка ўзяў пісталет, засунуў яго ў кішэню лёгенькай курткі-вятроўкі, паглядзеў на акно, пасля на прыстрэшак ганка.

— Я ўчора ноччу залазіў — сказаў ён.— Акно так блізка, што асабліва i падцягвацца не трэба. З ходу ўскочу.

— Спачатку ўскоч! – абарваў яго Вадзім,— Ну, ідзі... Я пабуду тут, пакуль будзеш узбірацца на прыстрэшак.

I Юрка пайшоў да ганка.

Ліда ляжала на канапе. Праз расчыненае акно плыў прыемны халадок, i гэта было адзінае, што ўлагоджвала яе думкі гэтым вечарам. Спрабавала чытаць Шэлдана, i не чыталася. Больш за тое, ужо сама назва рамана выклікала іранічную ўсмешку: «Калі настане заўтра». Яна пакуль не ведала, што там будзе адбывацца ў гэтай кнізе, а вось тое, што яна сама заўтра назаўсёды адмовіцца ад Андрэя, ёй было ўжо добра вядома. Яна ўсё выкажа яму, а можа, i не будзе выказваць: проста кіне трубку, як гэта ўжо рабіла неаднойчы. Toe, што яшчэ зусім нядаўна здавалася сонечным ударам, спякотным, галавакружным падарункам жыцця, абярнулася звычайнай любоўнай інтрыжкай. Ну i хопіць, з яе досыць! Магчыма, што i Андрэй гэтаксама думае. Таму што ўжо не першы раз яны дамаўляліся сустрэцца, i ўсё зрывалася. Вось i сёння Андрэй пазваніў у апошні момант: «Лета нашых надзей — наперадзе! Не прыеду. Зваліліся нечаканыя госці, i як пакінуць сваіх хатніх?» А яна ж пакінула — мужа, сына там, у доме адпачынку на Нарачы. Напрыдумляла ўсяго, маўляў, пазваніла суседка, якой яна пакінула ключы ад кватэры, каб палівала вазоны, пакуль яны будуць адпачываць. I вось ix залілі суседзі зверху — прарвала водаправодную трубу. Трэба ехаць, паглядзець, што там нарабілася!

Суседка сапраўды тэлефанавала Лідзе, але зусім з іншай нагоды. Прыязджаў стрыечны брат Васіль, прывёз рэчы, якія ёй дасталіся ад бабулі Мані. У вітальні дасюль стаіць гэты мех, а магла б i распакаваць яго, дык не — чакала Андрэя! I яе агарнула ранейшая, пякучая, такая нядаўняя горыч, якая яшчэ не паспела астыць, прыпарушыцца часам.